Мы прывыклі думаць, што поспех – гэта вынік тытанічнай працы: шчыруй, цярпі – і ўсё атрымаецца. Але праўда ў тым, што праца – гэта толькі адзін са складнікаў паспяховай формулы. Каб справа сапраўды «выстраліла», павінна супасці некалькі момантаў.
Поспех – не лінейны шлях. Гэта перасячэнне трас. Трэба своечасова заўважыць, што ўсе «зоркі» сышліся – і не ўпусціць важны момант. Дакажам гэта сцвярджэнне канкрэтным прыкладам – гісторыяй нашай гераіні, педагога дадатковай адукацыі Кацярыны ДУДЗІНСКАЙ.
Жывая спадчына
Мама Кацярыны цудоўна спявала, пяцёра дзядзькаў былі музыкамі-савучкамі, гралі на акардэоне. Каця выхоўвалася ў вялікай сям’і: акрамя яе, бацькі гадавалі яшчэ чатырох дачок – усе яны хадзілі ў Жодзішкаўскую музычную школу. У Каці і яе сястры Святланы была агульная настаўніца па класе баяна – Вольга Токарава. Дзякуючы ёй дзяўчынкі моцна палюбілі музыку, якая стала для іх прафесіяй.
Прычым, Кацярына выразна бачыла сябе ў медыцыне. Педагогіку ёй настойліва рэкамендаваў дырэктар Сыраваткінскай школы Сяргей Жук: «У цябе ёсць талент! Такія людзі патрэбны ў адукацыі». Як Сяргею Віктаравічу ўдалося распазнаць гэта ў вучаніцы?
Жыццёвыя абставіны падказалі. На той час настаўніца музыкі пайшла ў дэкрэтны адпачынак. І Каця, вучаніца старэйшых класах, можна сказаць, яе замяніла: у школе пасля ўрокаў і на перапынках літаральна не выпускала баян з рук, грала на ўсіх школьных святах.
Дзяўчына скончыла Гродзенскае музычна-педагагічнае вучылішча, потым завочна БДПУ імя М. Танка. Трыццаць гадоў таму маладым спецыялістам прыйшла ў Жодзішкаўскую сярэднюю школу і да гэтага часу сэрца аддае дзецям. Амаль чвэрць веку кіруе ўзорным фальклорным калектывам «Нальшчаначка», пераемнікам багатай песеннай спадчыны свайго рэгіёну. Падрастаючае пакаленне з задавальненнем спявае беларускія песні, танцуе побытавыя танцы, удзельнічае ў абрадах.
Першымі выхаванцамі Кацярыны Віктараўны сталі дзеці з класа, у якім вучыўся яе сын. Паступова да іх далучыліся іншыя вучні. Спачатку яны больш любілі эстраду, хацелі развучваць сучасныя песні. Нічога дзіўнага: да народных песень кожнаму з нас трэба дарасці, бо фальклор – гэта закадзіраваны вопыт пакалення, да разумення якога сапраўды трэба саспець духоўна і эмацыянальна.
«Усё змянілася пасля паездкі на «Славянскі базар», у межах якога праходзіў міжнародны фестываль-конкурс «Вясёлка над Віцебскам». Было шмат удзельнікаў, але фальклорную творчасць прадстаўляла толькі «Нальшчаначка». Мы адчулі неверагодную зацікаўленасць з боку журы, удзельнікаў, слухачоў з розных краін свету. Вось тады да дзяцей прыйшло ўсведамленне, што яны не такія, як усе, і гэтым прыцягваюць публіку», – робіць важны акцэнт Кацярына Дудзінская.

Асабліва ўдзельнікі «Нальшчаначкі» любяць падарожнічаць і выступаць у розных кутках Беларусі і за яе межамі. Раней калектыў шмат гастраляваў – і ўсюды меў поспех. Прыгожыя беларускія песні, музыка, танцы захаплялі публіку, сціралі ўсе моўныя бар’еры. Лаўрэат шматлікіх міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў – пра гэта гавораць медалі, статуэткі і прызы, якія трапятліва захоўваюцца ў рэпетыцыйнай зале.
Цяпер «Нальшчаначка» налічвае каля паўсотні ўдзельнікаў, самаму юнаму – чатыры гады. Можна гаварыць пра цэлыя дынастыі: раней сюды хадзілі бацькі, якія зараз прыводзяць сваіх дзяцей. Старэйшыя сын і дачка кіраўніцы таксама выступалі ў складзе калектыву, малодшая – з трох гадоў на сцэне.
«У нас ёсць яскравыя нумары, у якіх удзельнічаюць 32 чалавекі – і старэйшыя школьнікі, і зусім маленькія. Такія выступленні заўсёды праходзяць «на ўра». Часам нам даводзіцца выступаць пад фанаграму – звычайна на вялікіх пляцоўках пад адкрытым небам. Але ў асноўным мы працуем пад жывы акампанемент (два акардэоны, дзве скрыпкі, барабан, трашчоткі, бубен) – і адчуваем, што за гэта нас асабліва цэняць слухачы, – усміхаецца субяседніца. – У нашым рэпертуары – мясцовыя народныя песні. Ёсць запісаныя ад маёй бабулі, Алены Касевіч, – носьбіткі народных песень з вёскі Стымоні. Смаргонскія найгрышы аднаўляем па аўдыёзапісах. Нотамі стараемся не карыстацца. Вучымся граць на слых, як сапраўдныя самабытныя музыкі».
Каб любіць Беларусь нашу мілую…
Што тычыцца танцавальнай традыцыі, то ў Жодзішках яна вельмі глыбокая. На працягу гадоў трыццаці ў мясцовым Доме культуры існаваў гурток, дзе вучылі побытавым танцам. Некалі гэту справу актыўна рухала Людміла Кісялёва – культработнік, якая цудоўна танцавала і вучыла іншых, пасля яе справу падхапіла Алена Давыдзенкава, якая кіруе аматарскім аб’яднаннем. «Мой муж актыўна наведваў гурток. Людміла Мар’янаўна запаліла іскру творчасці і ўва мне, – зазначыла Кацярына Дудзінская. – Дзякуючы ёй я стала глыбока спасцігаць мясцовую жывую спадчыну».
Творчы калектыў не абмяжоўваецца вывучэннем і выкананнем народных песень і танцаў. Удзельнікі «Нальшчаначкі» актыўна вывучаюць абрады сваёй мясцовасці, праводзяць іх рэканструкцыі, прымаюць удзел у навукова-практычных канферэнцыях, – расказвае Кацярына Віктараўна. – Мы шмат займаемся даследчай працай. Вывучалі радзінныя абрады і прыйшлі да высновы, што нават у суседніх вёсках яны праводзяцца па-рознаму. Даследавалі вясельны абрад, рэканструявалі «Зборную суботу», абрад «Камаедзіца» і многія іншыя. Займаемся краязнаўчай работай».
Акрамя гэтага, кіраўніца калектыву разам са сваімі выхаванкамі навучылася ткаць паясы – і цяпер дзяўчаты забяспечваюць усю «Нальшчаначку» такім важным элементам народнага строю. У цэлым, касцюмы яны таксама ствараюць самі: на дапамогу ахвотна прыходзяць мамы ўдзельнікаў.
«Несумненна адзін у полі не воін. Мы цесна супрацоўнічаем не толькі з бацькамі, але і работнікамі школы мастацтваў і Дома культуры. Я сама спяваю ў складзе народнага калектыву народнай песні «Вечарынка», якім кіруе Алена Давыдзенкава, з ёй мы на адной хвалі. Алена Віктараўна – мой галоўны дарадца».
Наша суразмоўца пераканана: «Народная песня, танец, абрад і музыка – гэта найважнейшыя сродкі выхавання любові да Радзімы. Яны звязваюць кожнага з нас з каранямі, гісторыяй і культурай свайго народа, выклікаюць глыбокае пачуццё патрыятызму. Я шмат дзе бывала, шмат пабачыла і шчыра лічу, што няма краіны лепшай за нашу Беларусь. Дзеці, якія былі ўдзельнікамі «Нальшчаначкі», растуць з пачуццём глыбокай любові да малой радзімы і Беларусі ў цэлым».

Напярэдадні Дня настаўніка Кацярына Дудзінская была ўдастоена нагруднага знака «Выдатнік адукацыі». Высокая ўзнагарода – сімвал прафесійнага прызнання, аўтарытэту і глыбокай павагі да працы педагога.
«Нагрудны знак – не толькі мая асабістая ўзнагарода. Гэта поспех усіх, хто быў побач: калег, мужа, дзяцей, удзельнікаў «Нальшчаначкі» і «Вечарынкі», – кажа Кацярына Віктараўна. – Гэта поспех і тых, хто толькі робіць першыя крокі ў цудоўны свет народнай творчасці. Спадзяюся, яны таксама пранясуць праз жыццё наша захапленне і перададуць яго сваім дзецям».
Галіна АНТОНАВА



