Аляксандр ШЫДЛОЎСКІ – ураджэнец Смаргоншчыны, вядомы беларускі культурны дзеяч, кампазітар, педагог, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, ганаровы грамадзянін Гродна і Смаргоні. Дырэктар Гродзенскага абласнога Дома народнай творчасці, напісаў больш за 200 песень, а яго кампазіцыя «Колькі ў небе зор» сапраўды стала народнай.
«Як паветра, як хлеб, чалавеку патрэбна песня», – сцвярджаў наш зямляк. Гэта не метафара, а сэнс яго жыцця. Ён верыў: песня – гэта тое, што трымае чалавека на зямлі, што злучае пакаленні, што дае сілы жыць. Таму ён і пісаў, і спяваў, і вучыў іншых – для таго, каб «паветра» не скончылася, каб «хлеб» быў у кожнай хаце.
Дзяцінства, юнацтва і «ўніверсітэты»
Аляксандр Шыдлоўскі нарадзіўся ў 1911 годзе на Смаргоншчыне, у вёсцы Мінкі. Віленская губерня ўваходзіла тады ў склад царскай Расіі. Рос ён у шматдзетнай сям’і (бацькі выхоўвалі пяцёра дзяцей). Падчас Першай сусветнай вайны, у 1914 годзе, Шыдлоўскія апынуліся ў Сімбірску. Праз сем гадоў вярнуліся на Смаргоншчыну, калі гэта тэрыторыя ўжо ўваходзіла ў склад Польшчы. Іх дом быў разбураны. Сям’я пасялілася ў зямлянцы.
Шыдлоўскія цяжка працавалі і будаваліся. У 1927 годзе Аляксандр скончыў 5 класаў і паступіў у Віленскую беларускую гімназію. Там далучыўся да падпольнага беларускага камуністычнага руху, за што быў выключаны з установы. З гэтага ж года вучыўся ў Клецкай беларускай гімназіі, але хутка па патрабаванні паліцыі таксама быў выключаны.

Удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, за што неаднаразова быў арыштаваны польскімі ўладамі. У 1928 годзе стаў інструктарам беларускага парламенцкага клуба ў польскім Сейме «Змаганне», выконваў падпольныя даручэнні КПЗБ. У 1930 годзе з’яўляўся дэлегатам сялянскага кангрэсу моладзі ў Берліне. У 1930 годзе быў арыштаваны на Браслаўшчыне. Сядзеў у розных турмах Польшчы на працягу пяці гадоў. Выйшаўшы на волю ў 1936 годзе, працаваў у Варшаве (на вугальным складзе, у псіхіятрычнай бальніцы і на будоўлі). У 1937 годзе зноў трапіў у турму. У 1938 годзе Аляксандр разам са сваім братам Язэпам Урбановічам стварыў легальную беларускую арганізацыю – Беларускае культурнае таварыства ў Варшаве. Дзейнасць арганізацыі была скіравана да беларускіх рабочых. У гэты час Аляксандр Шыдлоўскі пасябраваў з паэтам-падпольшчыкам Максімам Танкам.
У 1939 годзе, пасля ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі, Аляксандр Шыдлоўскі вярнуўся ў бацькоўскую хату. Прырода шчодра надзяліла гэтага чалавека не толькі высокай духоўнасцю, моцнай фізічнай сілай, але і прыгожым, непаўторным тэмбрам голасу і тонкім музычным слыхам.
У 1940 годзе наш зямляк стаў артыстам Беларускага дзяржаўнага ансамбля песні і танца пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы. Выступаў перад параненымі ў шпіталях, працаўнікамі тылу, ездзіў на фронт. У 1944 годзе ансамбль выступаў перад байцамі 1-га і 2-га Беларускіх франтоў, жыхарамі Гомеля, Мінска, Гродна.
У ансамблі Аляксандр пазнаёміўся з будучай жонкай. Ужо ў сталым узросце, сямейны чалавек і бацька, ажыццявіў сваю юнацкую мару: паступіў на гістарычны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава. У 1950 годзе стаў дыпламаваным гісторыкам. Працаваў настаўнікам гісторыі, кіраваў вучнёўскім хорам і хорамі на розных прадпрыемствах.
Ганаровае званне «Заслужаны дзеяч культуры БССР» атрымаў у 1960 годзе. З 1960 па 1970 гады працаваў дырэктарам Гродзенскага абласнога Дома народнай творчасці (у 1991 годзе яго перайменавалі ў метадычны цэнтр). Адкрыў першы на Беларусі музей народнай творчасці.
Аляксандр Канстанцінавіч напісаў больш за 200 песень, якія па сваіх інтанацыях вельмі блізкія да народных. Бадай, найбольш вядомая «Колькі ў небе зор». Папулярнымі таксама сталі «Песня пра Гродна», «Ой ты, Нёман родны», «Там, пад гаем», «Гродзенскі вальс» і многія іншыя. Першы зборнік аўтара песень пабачыў свет у 1964 годзе.
Смаргоншчына ў яго сэрцы
У актыве Аляксандра Шыдлоўскага і стварэнне высокамастацкіх аматарскіх калектываў па ўсёй вобласці, якія шырокавядомыя і дагэтуль. Ён стаяў у вытокаў стварэння народнага ансамбля песні і танца імя Міхала Клеафаса Агінскага ў Смаргоні.

«Гэта быў чалавек апантаны, неймаверна любіў родную мову, Радзіму і смаргонскі край. Дзякуючы яго ініцыятыве і вялікай працы ўдзельнікаў і кансультантаў, пачаў стварацца наш цудоўны калектыў, – успамінае былая загадчыца аддзела культуры Соф’я Лазар, адна з арганізатараў ансамбля і шматгадовая яго ўдзельніца. – Аляксандр Канстанцінавіч у важныя моманты заўсёды быў разам з намі – як анёл-ахоўнік. У розныя гады ў якасці кансультантаў выступалі вядомыя дзеячы беларускага мастацтва, якія часта бывалі ў Смаргоні: Рыгор Шырма, Генадзь Цітовіч, Эміль Наско, Канстанцін Паплаўскі, Вячаслаў Раговіч, Янка Хвораст. З імі нас пазнаёміў менавіта Аляксандр Шыдлоўскі.
Дзякуючы кансультантам мы паставілі для сябе высокую прафесійную планку і змаглі ўтрымліваць яе. Нам апладзіравалі ў Гродне, Мінску, Маскве, нават у Германіі, Польшчы і Чэхаславакіі. Практычна ва ўсіх далёкіх камандзіроўках ансамбль суправаджаў Аляксандр Канстанцінавіч».
Соф’я Іванаўна прыпомніла, як падбіралі рэпертуар для толькі што створанага калектыву. «Аляксандр Канстанцінавіч нам гаварыў: «Паважаныя землякі, у вас павінен быць такі рэпертуар, які яшчэ ніхто не прадстаўляў. «Омскую полечку» могуць выконваць усе. Але мы – не «як усе», таму разам будзем шукаць тое, што адлюстроўвае нашу гістарычную спадчыну». І мы імкнуліся напаўняць свой рэпертуар унікальнымі творамі, напісанымі на аснове гісторыі нашага раёна. Гэта тычылася як песеннай, музычнай традыцыі, так і танцавальнай».
Неўзабаве ў рэпертуары калектыву з’явілася вакальна-харэаграфічная кампазіцыя «Смаргонскія абаранкі», аўтарамі якой сталі Янка Хвораст і Эміль Наско. Пазней – «Смаргонская кадрыля», якую запісалі ад жыхароў Шутавіч. Праграма папаўнялася і песнямі, якія стварыў Аляксандр Шыдлоўскі: «Ой, зайграйце, музыкі», «Старана мая вясёлая», «Ой ты, дубе, мой развесісты», «Ляці, наша песня».
Аляксандр Канстанцінавіч неймаверна захапляўся той нематэрыяльнай спадчынай, якую пакінулі продкі, запісваў народныя мелодыі і словы песень. А пра сваю малую радзіму гаварыў: «Смаргоншчына… Тут такая зямля… Здаецца, вуха прылажы – і пачуеш, як яна спявае».
Нярэдка на Смаргоншчыну наведвалася здымачная група творчага аб’яднання «Тэлефільм». За гэта наш край жартаўліва называлі «Беларускім Галівудам». Тут ствараліся работы, якія ўвайшлі ў залаты фонд нацыянальнага тэлебачання. Аляксандр Шыдлоўскі таксама браў удзел у стварэнні фільмаў.
Сэнсам жыцця вядомага земляка была не толькі вялікая любоў да ўсяго роднага, беларускага, не толькі вялікі гонар прыналежнасці да бацькоўскай спадчыны, але нязгаснае жаданне захаваць усё гэта, паглыбіць і перадаць нашчадкам на вякі.
Аляксандр Шыдлоўскі пражыў няпростае, але вельмі цікавае, насычанае рознымі падзеямі жыццё. Памёр у 2002 годзе. Пахаваны ў Гродне. Яго імем названа адна з вуліц абласнога цэнтра.
Галіна АНТОНАВА
Фота з архіва Соф’і ЛАЗАР


