Адразу дзве гаспадыні з Катоў удзельнічаюць у раённым конкурсе «Ветэранскі падворак». Марыя РУТКОЎСКАЯ і Ганна ЦІМОШЧАНКА жывуць амаль побач. Іх падворкі – абсалютна розныя. У адным пануе модны мінімалізм і ўзяты курс на зручнасць і сучаснасць, у другім буяюць кветкі самых незвычайных колераў і гатункаў. Але ёсць і пэўнае падабенства: яны прыцягваюць увагу, выдзяляюцца, прымушаюць разглядаць кожную дэталь.
Новае аблічча бацькоўскай хаты
Глядзіш на дом Марыі Руткоўскай – і не верыцца, што яму больш за 60 годоў, настолькі сучасны і дагледжаны ён.
«Калісьці мяне муж прывёў у гэты дом, – паказвае сваю гаспадарку Марыя Андрэеўна. Расказвае, што калісьці яна маладой гаспадыняй саджала кветкі, разам з мужам нешта майстравала, нешта фарбавала, старалася, каб прыгожа было. А сёння больш гаспадараць маладыя – дачка Святлана з мужам Дзмітрыем. «Добры ў мяне зяць, рукасты, усё сам робіць!» – хваліць Дзмітрыя цешча.

І, па ўсім відаць, не дарэмна хваліць. Дзе плітка пакладзена, дзе трава раўнюсенька скошана – адчуваецца гаспадарская рука. А вось кветкі ў вазонах і ўздоўж дарожкі яўна пасаджаны жаночымі рукамі. «Гэта дачка ўжо шчыруе, бывае, і я памагаю, усё сама ўжо і не здолею», – расказвае Марыя Руткоўская. Жанчына шчыра радуецца, што дзеці, выбіраючы паміж горадам і вёскай, засталіся жыць з ёю. Тут унучкі Ліза і Каця падрастаюць, для іх тата зрабіў арэлі, на якіх і дарослыя не супраць адпачыць. Маленькія гаспадыні разам з бабуляй шчыра радуюцца кожнай змене на падворку.
Там, дзе квітнее душа
Пра такіх гаспадынь, як Ганна Цімошчанка, кажуць: «Венік сухі ў зямлю ўтыркне – ён і зацвіце». Вяскоўцы ведаюць: калі тэрмінова патрэбен букет, можна патэлефанаваць Лук’янаўне, яна ніколі не адмовіць – зрэжа самыя прыгожыя кветкі. Бывае, што праезджыя спыняюцца і пытаюць, ці можна сфатаграфавацца ля клумбы. «Можна!» – усміхаецца Ганна Лук’янаўна.
У яе кветніку з ранняй вясны да позняй восені ўсё цвіце. Цюльпаны і нарцысы саступаюць месца півоніям і ліліям, пасля распускаюцца вогненныя вяргіні і хрызантэмы ўсіх магчымых колераў. Каб забяспечыць такі кругазварот цвіцення, трэба дакладна разлічыць час, калі кожная кветка ўступае ў пік сваёй прыгажосці, каб адкрыць на яе найлепшы абзор.
Ні адзін падораны букет не прападае ў Ганны Лук‘янаўны дарэмна. «Бачыце фіялетава-ружовыя хрызантэмы? Гэта мне на 8 Сакавіка сват падарыў. Я з іх нарэзала чаранкоў і ўкараніла. Цяпер у мяне многа такіх букетаў», – па-добраму хваліцца гаспадыня. Вяргіні ў яе зацвітаюць раней за ўсіх у вёсцы, таму што прарошчваць іх Ганна Цімошчанка пачынае з ранняй вясны. А як кветкі прыхопіць першым марозам, пачне выкопваць клубні, прасушваць і складаць у падвал на зіму. Амаль кожную хрызантэму таксама давядзецца забіраць з кветніка на зімоўку. Яны чакаюць свайго часу ў парніку, вясной прарошчваюцца на спецыяльна адведзенай градцы, а пасля разбіраюцца на дзялянкі. Так дасягаецца прывабная шаравідная форма, куст не развальваецца.
Праца з кветкамі карпатлівая, даволі цяжкая, але без гэтай прыгажосці ў двары Ганна Лук’янаўна не ўяўляе свайго жыцця. «Я заўсёды жыла ў акружэнні кветак, мама іх вырошчвала, потым эстафету перахапілі мы з сястрой, кожная ў сваім кветніку. Муж дапамагае, безумоўна, сама б я не справілася», – расказвае гаспадыня.
Дом, у якім жыве сям’я, арэндны, але гэта не перашкаджае адносіцца да яго і тэрыторыі навокал па-гаспадарску дбайна і з любоўю, напаўняючы кожны куточак любоўю і прыгажосцю.
Віялета ВОЙТКА
Фота аўтара
*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.



