Дырэктар прыехаў з елкай у СШ №6
Яе ўстанаўліваюць як у дамах і кватэрах, так і ў адміністрацыйных будынках прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў. Сёлета 16 школ (9 Смаргонскага і 7 Ашмянскага раёнаў) звярнуліся з заяўкамі ў Смаргонскі доследны лясгас, каб ён забяспечыў гэтыя навучальныя ўстановы елкамі з карэннем, якія вырашчаны ў гаршках.
Як адзначыў намеснік дырэктара лясгаса Андрэй Пятроўскі, робіцца гэта з мэтай экалагічнага выхавання падрастаючага пакалення. Елкі ў гаршках упрыгожаць да навагодніх святаў, яны перазімуюць у школах, а потым вясной, падчас акцыі “Тыдзень лесу”, будуць пасаджаны на прышкольных тэрыторыях. У СШ №6, якая з’яўляецца падшэфнай (на базе гэтай школы працуе школьнае лясніцтва), вырашчаную ў гаршку елку прывёз дырэктар Смаргонскага доследнага лясгаса Аляксандр Шостак.
Ён перадаў лясную прыгажуню дырэктару СШ №6 Вользе Чэкун. Вольга Аляксандраўна паведаміла, што каля школы ўжо растуць елачкі, якія былі пасаджаны раней. А ўвогуле, дрэўцамі і кустамі занята 75 працэнтаў прышкольнай тэрыторыі. Гэта самая зялёная зона ва ўсім мікрараёне Карані.
Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота аўтара.