Урачыстае адкрыццё V абласнога фестывалю “Скарбы Гродзеншчыны” прайшло ў амфітэатры
Узначаліў шэсце куфар з самымі каштоўнымі скарбамі вобласці.
Адразу за ім - Ручнікі Панямоння - ручнікі вядомых майстрых Гродзеншчыны.
Пасля гэтага на сцэну выйшлі прадстаўнікі ад усіх раёнаў Гродзеншчыны.
“Яскравай выразнасцю вылучаецца культура, мастацтва, рамёствы Прынёманскага краю. Гэта выразнасць – адбітак своеасаблівага характару, гістарычнай спадчыны народа, які жыве на памежжы шматлікіх культур, - зазначылі вядучыя імпрэзы. - Кожны чалавек непасрэдна звязаны з той зямлёй, на якой нарадзіўся. Кожны з нас павінен ведаць мінулае роднага краю, ганарыцца культурнай спадчынай сваёй малой Радзімы. І несці гэты скарб праз сваё жыццё”.
Стала добрай традыцыяй праводзіць абласны фестываль традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны” ў розных раёнах вобласці. Мінулае мерапрыемства ў 2019 годзе праходзіла на гасціннай Свіслацкай зямлі, а на гэты раз – на Смаргоншчыне.
Гасцей віталі намеснік старшыні Смаргонскага райвыканкама Ігар Шчасны і намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Сняжана Куратчык.
Сімвалам фестывалю з’яўляецца традыцыйны беларускі пояс, які перадаецца ад фестывалю да фестывалю. Гэта абярэг, які прыносіць дабрабыт і поспех, сатканы ткачыхамі - Лідскага, Астравецкага, Гродзенскага і Свіслацкага раёнаў.
Урачысты момант свята – перадача фестывальнага поясу ад гаспадароў папярэдняга фестывалю, Свіслацкага раёна, гаспадарам V абласнога фестывалю “Скарбы Гродзеншчыны” - Смаргонскаму раёну.
Смаргонская частка пояса будзе саткана і перададзена падчас наступнага прыпынку ў вандроўцы нашага фестывалю - праз два гады.
Кожнаму пакаленню застаецца ў спадчыну тое, што стварылі талент і працавітасць бацькоў, продкаў, тое, што выяўляе нацыянальнае аблічча народа, яго душу, імкненні, тое, што кожнае пакаленне павінна шанаваць і памнажаць.
На свята гаспадыні і гаспадары з усёй Гродзеншчыны апранулі лепшыя строі.
Па касцюму можна шмат расказаць пра яго ўладальніка. Што было і зроблена падчас дэфіле ў народных строях “Дакрануцца да вытокаў”.
Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.