Выстава Анатоля Сураўца адкрылася ў гісторыка-краязнаўчым музеі

 

Выстава Анатоля Сураўца адкрылася ў гісторыка-краязнаўчым музеі

Культура
06.08.2021
3976
Калі прыгледзіцца да работ самадзейнага смаргонскага мастака Анатоля Сураўца, можна без падказкі заўважыць: восень – яго любімая пара года. І праз колькі хвілін падчас адкрыцця выставы “Мой родны кут” (адбылася яна 6 жніўня) Анатоль Юльянавіч пацвярджае мае назіранні: “Багатая палітра фарбаў у восені. Розныя адценні… Я іх усе ведаю”.

IMG_7549.JPG

IMG_7504.JPG

IMG_7517.JPG

IMG_7514.JPG

IMG_7590.JPG

IMG_7603.JPG

IMG_7614.JPG

IMG_7639.JPG

IMG_7641.JPG

Найбольш мастак любіць пейзажы. На думку швейцарскага пісьменніка Анры Ам’еля, кожны пейзаж ёсць стан душы. І з гэтай думкай згаджаецца Анатоль Суравец, калі расказвае, з якой любоўю, цікавасцю і нават болем ён стварае свае карціны.

IMG_7582.JPG

IMG_7583.JPG

IMG_7652.JPG

“Далёкае. Адышоўшае”, “Гумно. Мінулае”, “Стары дом і дрэвы” – нават калі не бачыш карцін, а толькі чытаеш іх назвы, можна зразумець, пра што яны. Яны пра тое, што не вернеш, што можа неўзабаве знікнуць… Ствараючы свае работы, Анатоль Суравец, быццам летапісец, перадае нашчадкам гісторыю сваіх продкаў. “Пройдуць гады – і шмат з таго, што паказана на карцінах, не застанецца. А я ўсё гэта зберагаю ў сваім сэрцы і душы”, - зазначае мастак.

Навуковы супрацоўнік музея Вольга Самаркіна зазначыла: “Родная зямля – калыска, якая гайдае нас на хвалях жыцця. Яна падхоплівае, калі мы падаем, хавае ад усякіх нягод і жыццёвых непрыемнасцей, вучыць нас чалавечай дабрыні, узаемадапамозе, адданаму сяброўству і каханню. Любоў да роднай зямлі ёсць у кожнага з нас. Творчыя натуры адчуваюць гэта вастрэй і глыбей”.

IMG_7610.JPG

IMG_7656.JPG

Калі бліжэй знаёмішся з карцінамі Анатоля Сураўца, пачынаеш разумець, што яго работы – гэта ода родным мясцінам, вёсачцы Валойці Ашмянскага раёна, дзе ён нарадзіўся. На выставе, якую адкрылі напярэдадні 65-годдзя мастака, амаль на ўсіх работах – яго любімая Ашмяншчына.

IMG_7525.JPG

IMG_7547.JPG

Анатоль Юльянавіч жыве ў Смаргоні трыццаць гадоў, працаваў слесарам-інструментальшчыкам на заводзе аптычнага станкабудавання. Нядаўна пайшоў на заслужаны адпачынак. Практычна ўвесь свой вольны час ён прысвячаю маляванню – любімаму занятку з дзяцінства. Са Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеем Анатоль Суравец супрацоўнічае з 1994 года. Экспанаваў свае работы на шматлікіх гарадскіх святах і мерапрыемствах. Яго выставы ладзіліся ў Ашмянах, Смаргоні, Мінску.

Цяпер у Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі прадстаўлены 29 работ мастака. Упадабаную можна набыць. Выстава будзе працаваць да 22 жніўня.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.