Падчас кансервацыйных работ на Крэўскім замку-кастэлі выяўлена невядомая дагэтуль цагляная муроўка каля паўночна-ўсходняй сцяны.
Невядомую цагляную муроўку знайшлі ў Крэўскім замку
Вядучы навуковы супрацоўнік інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Алег Дзярновіч, які ажыццяўляе археалагічны нагляд за ходам работ на гэтым аб’екце, прапанаваў унесці карэктыроўку ў рэстаўрацыйны праект. Участак гэты не тыповы для пабудовы, якая ўзводзілася ў ХІV стагоддзі з бутавага каменя. А тут, пасля ачысткі ад друзу і іншага смецця, адкрыўся фрагмент з буйной цэглы. Ніякіх гістарычных звестак пра гэта збудаванне ў архівах і вядомых даследчых дакументах няма. Таму вялікі аб’ём работы чакае даследчыкаў крэўскай даўніны, археолагаў, гісторыкаў.
Алег Дзярновіч у інтэрвью сродкам мясцовай масавай інфармацыі распавёў і пра іншыя знаходкі падчас археалагічных раскопак гэтага пошукавага сезона. Шмат цікавых артэфактаў знойдзена як на тэрыторыі Крэўскага замка, так і на гарадзішчы. Валанцёры, аматары гісторыі, якія шукаюць ў зямлі рэшткі ад былых эпох, знайшлі на старажытным гарадзішчы шмат так званых статусных рэчаў, альбо іх фрагментаў, што сведчыць пра заможнасць тагачасных жыхароў і досыць высокае развіццё рамёстваў і гандлю на гэтых землях.
Больш падрабязна пра знаходкі археолагаў чытайце ў бліжэйшым нумары газеты “Светлы шлях”.
Ала СТРАШЫНСКАЯ.
Фота аўтара.