Гульні адкрыў “Міраж”

 

Гульні адкрыў “Міраж”

Калейдоскоп
08.08.2023
2029
Спаборніцтвы ў рамках ІІ Гульняў краін СНД праходзяць у 11 гарадах Беларусі. Гродна сёлета прымае мацнейшых цяжкаатлетаў. Цырымонія адкрыцця спаборніцтваў прайшла 5 жніўня ў Лядовай арэне. Прыемна і ганарова, што галоўнымі артыстамі на сцэне ў гэты дзень стала народная эстрадная студыя “Міраж” Смаргонскага раённага Цэнтра культуры.

изображение_viber_2023-08-08_09-22-08-583.jpg

“Яшчэ зімой, калі мы абаранялі званне народнага ансамбля, спецыялісты з Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці падкрэслілі, што мы гатовыя выступаць на больш маштабных мерапрыемствах, чым раённыя святы. Пасля яны назіралі за нашым выступленнем на свяце “Смаргонскія абаранкі”, дзе мы атрымалі многа кампліментаў. І ўсё роўна запрашэнне на адну з галоўных пляцовак ІІ Гульняў краін СНД стала для нас нечаканасцю”, - падзялілася кіраўнік ансамбля Іна Харко.

Іна Харко, Дар’я Кавалёва, Таццяна Калакольцава і Наталля Шастакова выканалі 9 нумароў. Кампазіцыі стараліся выбіраць правераныя, якія эмацыянальна і радасна ўспрымаюць гледачы. І чаканні артыстаў апраўдаліся: яны сарвалі авацыі вялізнай, запоўненай гледачамі залы.

На пытанне, ці адрозніваюцца ўражанні ад выступленняў на розных па велічыні пляцоўках, Іна Паўлаўна адказала так: “Артыст выкладваецца на 100% незалежна ад таго, колькі перад ім гледачоў: тры ці тры тысячы. Што датычыцца тэхнічных момантаў, то было ў навінку, што гук ідзе не з боку выступоўцаў, а з абсталявання па ўсёй арэне, што мы правінны бліскуча выглядаць не толькі на сцэне, але і на кожным экране, які павялічвае выяву ў некалькі разоў. Здаецца, у нас усё атрымалася”.

Пасля выступлення смаргонскія дзяўчаты засталіся, каб паназіраць за самімі спаборніцтвамі. Як прызналася Іна Харко, дагэтуль яны нават не ўяўлялі, наколькі можа захапіць цяжкая атлетыка, што людзі, зусім незнаёмыя з гэтым відам спорта будуць перажываць за кожнага спартсмена. Вельмі парадавала, што каманда Рэспублікі Беларусь у гэты дзень заняла пачэснае трэцяе месца.

Віялета ВОЙТКА.

Фота з архіва Іны ХАРКО.




Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях #ІІ Игр стран СНГ