Ад Мізуліч да Свіры – асфальтабетон

 

Ад Мізуліч да Свіры – асфальтабетон

Калейдоскоп
04.08.2020
1478

Ваколіцы возера Свір зачароўваюць маляўнічасцю, разнастайным ландшафтам, гарманічным злучэннем зялёных лясоў і азёрнага блакіту. Такія мясціны патрабуюць і адпаведнага абрамлення, адпаведнай якасці транспартных шляхоў.

Акурат пры ўездзе ў вёску Мізулічы пачынаецца новае дарожнае пакрыццё. Той, каму часцяком даводзілася ездзіць у гэтым напрамку, будзе прыемна здзіўлены, што ажно да гарадскога пасёлка Свір, што ў Мядзельскім раёне, цяпер можна даехаць з камфортам. Там, дзе была пыльная гравійка, цяпер прыстойная асфальтаваная дарога.

Жыхары, што жывуць на ўскрайку Смаргонскага раёна, часцяком едуць за пакупкамі не ў райцэнтр, а ў бліжэйшую Свір. Многія каталікі з Хведзевіч, Завідзенентаў і Хацілак наведваюцца ў Свірскі касцёл. Калі раней трэба было трэсціся ў аўтобусе па пыльнай гравійцы, то сёлета можна ехаць з камфортам. Мясцовая жыхарка Ганна з вёскі Хацілкі з вялікім задавальненнем расказвае, што асфальтаваная шаша – сапраўдны падарунак для вяскоўцаў.

- Мы даўно чакалі будаўніцтва дарогі на гэтым участку, бо едучы праз увесь Смаргонскі раён, праз Сасноўку, Малінавую, Вішнева па цудоўнай дарозе, уражанне вечна псавалася, калі заканчваўся асфальт і некалькі кіламетраў даводзілася літаральна глытаць пыл на шляху да Свіры. Упэўнена, што цяпер задаволены будуць і вяскоўцы, і вадзіцелі, і адпачываючыя, якіх у нашым кутку вельмі многа, асабліва летнім часам.

Свірскае возера і яго ваколіцы даўно аблюбавалі рыбакі, турысты, байкеры, аматары спакойнага сямейнага адпачынку на прыродзе. Іх таксама ўсцешыць прыемная навіна.

Аўтамабільную дарогу Р95 абслугоўвае ДЭУ-57 РУП “Гродноавтодор”. Тэндар на будаўніцтва новай дарогі выйграла ДРБУ 159, якое і стала генпадрадчыкам, субпадрадчык – дарожнікі з Ашмянаў, якія займаюцца падсыпкай ускраін, усталёўваннем аўтобусных прыпынкаў, добраўпарадкаваннем абочын.

Работы яшчэ працягваюцца, таму хуткасць месцамі абмежаваная да 40 км/ч. Але транспартны рух не прыпыняецца, а паток машын павялічваецца.

IMG_1381.JPG

IMG_1385.JPG

IMG_1391.JPG

IMG_1394.JPG

IMG_1395.JPG

IMG_1405.JPG

IMG_1413.JPG

Ала СТРАШЫНСКАЯ.

Фота аўтара.