Елачная казка
Здаецца, горад вырашыў выйграць першынства па колькасці елак. Зялёныя прыгажуні паўсюль: на плошчах, у парках, каля сцыяльна значных аб’ектаў і крам.
Але асаблівай арыгінальнасцю вылучаецца парк Жэлібера. Каля ўваходу цябе сустракаюць казачныя дрэвы-волаты, упрыгожаныя неонавай ілюмінацыяй.
А далей ты трапляеш на алею елак, створаных мясцовымі прадпрыемствамі і навучальнымі ўстановамі. Прывабна зіхаціць елка, створаная з электрычных лямпачак, ад РУП “Гроднаэнерга”. Здзіўляе халодным хараством і стрыманасцю зробленая са штучных нітак елка ад філіяла “Завод Хімвалакно” ААТ “Гродна Азот”. А награвальная спіраль аказваецца можа быць і гірляндай для лясной прыгажуні! З рознакаляровых бутэлек таксама можна стварыць елку! А вось елка ад ААТ “Аўтобусны парк г. Гродна”, на мой погляд, выглядае самай арыгінальнай. Аснову елкі складаюць пафарбаваныя ў зялёны колер шыны, замест гірлянд—ланцужкі, а ў якасці елачных цацак—дарожныя знакі і шарыкі з назвамі гарадоў Гродзенскай вобласці і колькасцю кіламетраў да іх.
Хочацца верыць, што Гродна перадасць эстафету раённым цэнтрам і ў наступным годзе мы таксама будзем мець магчымасць апынуцца ў елачнай казцы!
Наталля СІДАРАВА.