Рыхтуемся да Вялікага посту
03.03.2025

Вялікі пост у католікаў у гэтым годзе пачнецца з 5 сакавіка, як звычайна ў Папяльцовую сераду. Напярэдадні мы задалі некалькі пытанняў пробашчу рымска-каталіцкай парафіі ў Вішневе, ксяндзу-канонiку, Смаргонскаму дэкану  Антону КАЗЛОЎСКАМУ.

— Якое значэнне ў каталіцкай традыцыі надаецца Папяльцовай серадзе і як яно сімвалізуе пачатак Вялікага посту?

Папяльцовая серада – першы дзень Вялікага посту. Называецца так таму, што ў гэты дзень выкарыстоўваецца попел для пасыпання ім галоў вернікаў. Попел нагадвае людзям пра іх смяротную прыроду. Святар, калі пасыпае галовы, то гаворыць: “Ты прах, і ў прах вернешся”. Бог стварыў чалавека з праху зямлі і ён у прах вернецца.

Таксама ксёндз можа выкарыстоўваць яшчэ адзін варыянт слоў: “Кайцеся і верце ў Евангелле”. Час Вялікага посту з’яўляецца таксама часам пакаяння і менавіта попел – сімвал пакаяння. У гісторыі збаўлення ў старажытныя часы людзі выказвалі пакаянне, раздзіраючы на сабе вопратку, апранаючы жорсткае адзенне і пасыпаючы галаву попелам.

Яшчэ вельмі сімвалічна тое, што попел для пасыпання галоў выкарыстоўваецца ад спальвання вербаў, якія былі асвечаны ў мінулым годзе ў Вербную нядзелю. Спаленыя на попел мінулагоднія галінкі – гэта знак таго, што мы адышлі ад стану Божай ласкі і патрабуем навяртання. Таму час Вялікага посту  з’яўляецца часам ласкі. Ён дае магчымасць ачысціць нашыя сэрцы, каб прабываць у стане Божай ласкі.

Што Вы параіце католікам у перыяд Вялікага посту для духоўнага росту і пакаяння? Якія крокі трэба зрабіць для паглыблення сваёй веры, каб як мага лепш падрыхтавацца да Вялікадня?

— Вялікі пост – гэта час духоўных практыкаванняў, да якіх адносяцца малітва, міласціна і пост.

Малітва. Кожны дзень нашага жыцця павінен быць напоўнены малітвай. Падчас Вялікага Посту раю вернікам таксама ўдзельнічаць у спецыяльных малітвах Касцёла на Вялікі пост: Песні Жальбы і Крыжовы шлях. Яны дапамагаюць глыбей злучыцца з пакутамі Езуса Хрыста і паказваюць вялікую любоў Бога да нас. Абавязковы ўдзел для католіка ў парафіяльных велікапосных рэкалекцыях: час, калі вернікі парафіі слухаюць велікапосныя настаўленні спецыяльна запрошанага  святара, маюць магчымасць падрыхтавацца і прыступіць да споведзі і атрымаць адпуст за ўдзел у гэтых духоўных практыкаваннях.

Міласціна. Сёння ў свеце рэкламуюцца дабрачынныя справы. Мы ж павінны паступаць так, як вучыць Езус Хрыстус, што калі даеш міласціну, то няхай твая левая рука не ведае, што робіць правая, каб міласціна была таемнай. Не абавязкова гэта павінна быць грашовая ахвяра, але дапамога і час прысвечаны інваліду, хвораму, адзінокаму чалавеку.

Пост. На самой справе яго сутнасць не ў абмяжаванні колькасці і якасці ежы, ці ўстрыманні ад мяса. У посце галоўнае - духоўнае вымярэнне. Ён павінен уключаць пост ад граху і шкодных звычак, што нават больш складана, чым простае абмяжаванне ежы. Трэба старацца адарвацца ад мірскіх задавальненняў і засяродзіцца на нашых адносінах з Богам і дабрачынных справах.

Практыкі Вялікага посту пераследуюць наша духоўнае навяртанне. Няхай Папяльцовая серада, пазначаная абрадам пасыпання галоў попелам, стане для ўсіх нас пачаткам навяртання і ласкі, добрым стартам у саракадзённым марафоне малітвы, міласціны і посту, асабліва ў барацьбе з грахом.

    Вялікі дзякуй, упэўнена, што Вашыя рэкамендацыі дапамогуць вернікам.

Sroda-Popielcowa.jpg

Ларыса ТАТАРЫНАВА

Фота з інтэрнэту, выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі

Поделиться:
Теги: костел

Статьи по теме:


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений