У рамках Тыдня бацькоўскай любові ў Асінаўшчызненскай пачатковай школе цікава і пазнавальна прайшоў шосты школьны дзень працоўнага выхавання і прафесійнай арыентацыі.
Спачатку навучэнцы прымалі ўдзел у мерапрыемстве “Дарога ў краіну прафесій нашых бацькоў”. Дзеці адгадвалі загадкі аб прафесіях, успаміналі прыказкі, называлі прафесіі сваіх тат і мам.
Але самым цікавым было выступленне мам Арыны Калбаскінай і Максіма Васюты. Ніна Уладзіміраўна пазнаёміла вучняў з прафесіяй стыкероўшчыка. Асноўная функцыя гэтай працы – мацаванне этыкетак або бірак з рознай інфармацыяй: нумарам партыі, датай выпуску, камплектацыяй. Гэта работа звязана з вялікім аб’ёмам тавараў, таму патрабуе уважлівасці, адказнасці, уседлівасці.
Жанна Эдмундаўна працуе цырульнікам. Яна паведаміла дзецям, што гэта прафесія існуе ўжо даўно, што раней яна называлася стрыгун. Праца цырульніка нялёгкая, але творчая. Кожны дзень трэба ствараць новыя вобразы. Асноўная мэта работы: кліент павінен застацца задаволеным. Неабходна пастрыгчы наведвальніка так, каб ён пайшоў са шчаслівай усмешкай. Жанна прынесла з сабой прылады сваёй працы: расчоскі і нажніцы розных відаў, прасы, ручную машынку для стрыжкі валасоў, якой карысталіся даўней. Але больш усяго дзяцей і дарослых зацікавіў трыхаскоп – прыбор для вызначэння будовы валасоў і скуры галавы. Усім хацелася ўбачыць сваю скуру і валасы. Затым Жанна паказала дзяўчынкам, як пры дапамозе праса для валасоў можна зрабіць прычоску.
У канцы мерапрыемства навучэнцы прыйшлі да высновы, што ўсе прафесіі патрэбныя і важныя. Даведаліся, што самая цяжкая прафесія – быць Чалавекам.
Пасля хлопчыкі і дзяўчынкі разам з мамамі і настаўніцай адправіліся ў школьны двор зграбаць жоўтае лісце. Працоўны дэсант прайшоў на выдатна. Сонечны восеньскі дзянёк толькі спрыяў добраму настрою, працы, зносінам – усе працавалі дружна і весела. Калектыўная працоўная дзейнасць не толькі даставіла шмат радасці, спрыяла наладжванню дружалюбных узаемаадносін, але і садзейнічала фарміраванню ў дзяцей працоўных навыкаў, пачуцця адказнасці за даручаную справу.
Наталля ПАРЖОН,
настаўніца пачатковых класаў Асінаўшчызненскай пачатковай школы.