“Як першы раз села за руль было… цікава”, - смяецца Таццяна Мілаш. – Са Смаргоні да Дубатоўкі ехала ціхенька-ціхенька, на мінімальнай хуткасці. А ад Дубатоўкі ўжо смялей справа пайшла, там рух на дарозе не такі інтэнсіўны. Гідраўзмацняльніка там не было, непрывычна”. Пашчасціла, што дагэтуль Таццяне на чым толькі не даводзілася ездзіць: на трактары, матацыкле, скутэры, мапедзе. А вадзіць муж вучыў яе на “Масквічы”, які ад УАЗіка не надта моцна адрозніваўся.
Машына нярэдка ламалася, добра, што муж заўсёды гатоў быў прыйсці на дапамогу і добра разбіраецца ў тэхніцы. “Паехалі мы аднойчы, я, можа, трэці год працавала, на выклік. Вясна была, але гразкую дарогу падмарозіла, таму дабраліся лёгка. Выходзім, каб вяртацца назад – а калёсы УАЗіка цалкам схаваліся ў балоце, - з усмешкай успамінае даўнія прыгоды наша субяседніца. – Мы і галлё падкладвалі, і падкопвалі – ніяк не выязджае. Муж праехаў на трактары, каб нас выцягнуць”. Бывала, што да месца прызначэння машына з медыкамі даязджала на буксіры. Аднак нават думкі не ўзнікла ўсё кінуць і шукаць іншую работу.
Лягчэй стала, калі УАЗік змяніўся на куды больш сучасную “Ніву”. Яна ўжо так не ламаецца, часцей за ўсё нешта рамантуюць у планавым парадку на станцыі тэхабслугоўвання. Самае складанае ў рабоце – цэлы дзень праводзіць у машыне, чакаючы выкліку. Хоць дом знаходзіцца непадалёку – метраў, можа, 200, пайсці адпачыць нельга. Часта Таццяна Любаміраўна бачыць, як доктар, паспеўшы толькі сумку схапіць і на хаду адзяваючыся, бяжыць з амбулаторыі. Ясна: здарылася нешта нядобрае, трэба стартаваць. Вадзіцелю не трэба нават адрас ведаць: урач называе прозвішча хворага і можа быць упэўнены, што Таццяна Любаміраўна ўжо едзе, куды трэба. 4 – 5 выклікаў, больш за сотню кіламетраў дарогі ў дзень – звычайная справа для вадзіцеля. Але справа гэтая так патрэбна людзям, здароўю і жыццю якіх пагражае небяспека.
Віялета ВОЙТКА.
Фота аўтара.
Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!