Як стварыць шэдэўр з лазы? Пра гэта ведаюць народныя майстры Рэспублікі Беларусь Аляксандр і Людміла Мускія
23.10.2023

Раней лозапляценне лічылася заняткам мужчынскім. Многія з нас могуць пахваліцца, што маюць у гаспадарцы звычайны беларускі кошык, які сплёў некалі дзядуля (ці іншы прадстаўнік роду па мужчынскай лініі).  

Цягам апошніх дваццаці гадоў лозапляценнем сталі захапляцца пераважна жанчыны. Аматараў гэтага рамяства  ў Беларусі цяпер шмат, а вось тых, хто мае званне “Народны майстар Рэспублікі Беларусь”, - адзінкі. У Гродзенскай вобласці – толькі Аляксандр і Людміла Мускія са Смаргоні.

IMG_5809.JPG

“НЯлёгкі хлеб”

Лозапляценне – адно з самых старажытных рамёстваў, якое дайшло да нашых дзён, практычна не змяніўшыся. Самымі архаічнымі з захаваных плеценых рэчаў лічацца крэслы, якія былі знойдзены ў грабніцы егіпецкага фараона Тутанхамона (правіў Егіптам у 14 стагоддзі да нашай эры). Мэбляй, вырабленай з лазы і каранёў дрэў, карысталіся ў Старажытным Рыме. Воіны арміі Спартака з вінаграднай лазы рабілі лёгкія і трывалыя баявыя шчыты. Розныя плеценыя вырабы можна разгледзець на карцінах мастакоў эпохі Рэнесансу.

На тэрыторыі Беларусі нашы продкі плялі з лазы розныя па форме і прызначэнні вырабы. Лазу выкарыстоўвалі пры ўзвядзенні жылля і гаспадарчых пабудоў, рабілі агароджы, кузавы павозак, дзіцячыя калыскі і цацкі, посуд… Некаторыя рэчы з лазы сталі гісторыяй, але не канулі ў Лету. Дзякуючы апантаным майстрам рамяство прадаўжае жыць і развівацца. 

IMG_7973.JPG

У кожным лазовым кошыку народных умельцаў – Людмілы і Аляксандра Мускіх - утоены талент і веды, а яшчэ – шмат фізічнай працы, уседлівасці і цярпення. Лозапляценнем нашы героі захапіліся ў пачатку 1990-х, калі вярнуліся з Латвіі і прывезлі адтуль плеценую карзіну. Спачатку гэтым рамяством зацікавілася сястра Аляксандра Андрэевіча – і “заразіла” ім сваякоў. На той час у Смаргоні ніхто не праводзіў заняткаў па лозапляценні. Мускія самастойна спасцігалі сакрэты рамяства – па дапаможніку, шляхам спроб і памылак, розных эксперыментаў.

 Знайсці добрую сыравіну няпроста, падрыхтаваць яе да работы – задача не з лёгкіх. Работу майстра па лозапляценні можна параўнаць з дзейнасцю хлебароба, якую беларускі народ апісаў у вядомай казцы “Лёгкі хлеб”.

Мускія звычайна нарыхтоўваюць лазу позняй восенню, калі кусты скінулі лісце і рух соку ў расліне яшчэ не пачаўся. Самыя якасныя вербы – якія растуць каля вадаёмаў. Яны больш эластычныя, бо насычаныя вільгаццю. Дарэчы, збіраючы матэрыял для працы, людзі паляпшаюць экалогію месца: у лазы, зрэзанай пад корань, новыя галінкі вырастаюць большыя і мацнейшыя.

Якасць дубчыкаў праверыць проста - наматаць галінку на палец: не ламаецца, захоўвае форму – можна браць.

IMG_5815.JPG

Пасля пруткі трэба выварыць: кара павінна лёгка злазіць. Які водар стаіць вакол, пакуль лаза варыцца! Як у лазні! Сеанс ароматэрапіі можна прайсці, пасля чаго – ніякія хваробы не прычэпяцца.

Шмат цярпення трэба назапасіць перад тым, як сесці акараць (здымаць кару) лазу. Пакараваныя пруткі – адсартаваць па таўшчыні і даўжыні, добра высушыць. Правільна нарыхтаваная сыравіна доўга захоўваецца, можа быць прыдатнай да работы і праз дваццаць гадоў.

“Непасрэдна перад пляценнем лазу трэба патрымаць у вадзе, каб яна зноў стала гнуткай. Калі ўсе этапы падрыхтоўкі сыравіны пройдзены, можна прыступаць да самага творчага (майго любімага) моманту – пляцення”, - усміхаецца Людміла  Анатольеўна.  

Што трэба, каб атрымалася вартая работа? Толькі ўседлівасці і акуратнасці  відавочна недастаткова. У кожную рэч  майстры ўкладаюць шмат добрых думак, намераў і духоўных сіл. Пазітыўны настрой і любоў да працэсу падмацоўвае творчую жылку. Толькі карзінак Мускія плятуць трыццаць відаў – усе нафантазіраваныя. Звычайна ствараюць новую да Вялікадня. Адзіны элемент, які абавязкова прысутнічае ў вырабе, - акаймоўка касічкай. Гэта своеасаблівы аўтограф майстроў, “фішка”, па якой адразу можна пазнаць работы таленавітых смаргонцаў.

IMG_5804.JPG

Натуральнасць – 100%

- Я чытала, што ў старажытнасці ў багатых дамах Рыма былі рэчы з лазы, пакрытыя золатам? А вы пакрываеце свае вырабы лакам ці фарбай?

-  Не! Ні штучнымі фарбамі, ні лакам не пакрываем. Для аздаблення можам дадаць непакараваных пруткоў ці тых, якія больш паварыліся, – яны таксама выглядаюць цямнейшымі, - чую ў адказ.

- Наколькі ведаю, вашы рэчы з лазы заўсёды высока ацэньвае Яўген Сахута, першы ў Беларусі доктар мастацтвазнаўства ў галіне народнага мастацтва, прафесар, старшыня Беларускага саюза народнай творчасці. Атрымаць высокія балы ад мэтра, які ведае сапраўдную каштоўнасць рэчы, - тое, да чаго многія майстры ў Беларусі імкнуцца…

- Безумоўна, нам прыемна чуць добрыя словы ад такога паважанага чалавека. Ён заўсёды вызначае, што нашы вырабы прывабліваюць самабытнасцю і нацыянальным каларытам. Менавіта Яўген Міхайлавіч настойліва рэкамендаваў нам нават не спрабаваць пакрываць рэчы лакам. Гэта не беларуская традыцыя.

- Вашы работы – для тых, хто шукае адмысловы падарунак для незвычайнага чалавека ці беларускі сувенір, які з гордасцю можна падарыць замежнаму госцю. Вы ж, напэўна, ведаеце, куды за межы Беларусі паехалі вашы лазовыя кошыкі ці іншыя вырабы?

- Не ўсе адрасы нам знаёмыя, - усміхаюцца мае суразмоўцы. – Ведаем,  што нашы работы ёсць у Італіі, Ізраілі, Польшчы, Латвіі, Літве, Германіі, Партугаліі, ЗША… У Карэліі, у Маскве, Санкт-Пецярбургу.

IMG_4987.JPG

- Хто яны, прыхільнікі вашай творчасці? Хто больш цікавіцца і купляе рэчы, створаныя вамі – людзі больш сталага веку ці маладыя? Тыя, хто любіць хэнд-мэйд? Натуральнасць, а не штучнасць?

-  Вось усе, каго Вы пералічылі. Хтосьці не любіць звычайныя пакеты, і ходзіць за пакупкамі выключна з лазовымі карзінкамі. Яны нават магазіннай тарай не карыстаюцца (у тым ліку і мы самі). Нядаўна шматдзетная маці выбрала ў нас самую вялікую карзінку, каб усе яе пакупкі змяшчаліся.

Ёсць тыя, хто такім чынам вырашае глабальныя праблемы. Цяпер шмат гавораць,  што пластыкавыя пакеты прыносяць вялікую шкоду для экалогіі. І прынцыпова не выкарыстоўваюць іх ў штодзённым жыцці. А ў лазовых кошыках – ні шкодных прымесяў, ні фарбавальнікаў, якія могуць пашкодзіць чалавеку і навакольнаму асяроддзю.

Адны купляюць карзінкі, каб хадзіць з імі па грыбы. Другія - выкарыстоўваюць толькі на Вялікдзень, каб прынесці ў царкву святочны набор для асвячэння.

Хтосьці высока цэніць рэчы, зробленыя сваімі рукамі. Купляюць нашы вырабы ў якасці сувеніраў. А ёсць тыя, хто выкарыстоўвае іх для аздаблення свайго жылля ці гандлёвых аб’ектаў, для фотасесіі.

Двухметровы капялюш

Партфоліа народных майстроў Беларусі – даволі багатае. Гартаючы яго, бачу вазы рознай велічыні і формы, дроўніцы, падносы, хлебніцы, цукерніцы, пано, абажур, рамкі для люстэркаў, карзіны для бялізны, куфры, домікі для хатніх гадаванцаў, веласіпед-вазоніца…

15.jpg

16.jpg

17.jpg

18.jpg

IMG_4984.JPG

IMG_4985.JPG

IMG_5801.JPG

IMG_4970.JPG

  Аляксандр Андрэевіч паказвае незвычайны галаўны ўбор – лазовы капялюш,  і тут жа зазначае, што ён – найперш для прэзентацыі, кожны дзень насіць не будзеш. Больш камфортна насіць саламяны (там сыравіна далікатная). 

У Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі захоўваецца яшчэ адзін капялюш, таксама сувенірны, вялікі (амаль два метры ў дыяметры). Мускія падарылі яго гораду, калі адзначаўся 500-гадовы юбілей.

IMG_4996.JPG

IMG_4994.JPG

2.jpg

 Мае суразмоўцы даўно на заслужаным адпачынку, але іх актыўнасці, апантанасці і цікавасці да таго, што адбываецца вакол, можна вучыцца і вучыцца. У творчым графіку маіх суразмоўцаў – удзелы ў кірмашах і фестывалях, конкурсах і майстар-класах. Сёлета на рэспубліканскім свяце “Александрыя збірае сяброў” Мускія праводзілі майстар-клас і прапаноўвалі пакупнікам свае вырабы. Добрым попытам прадукцыя карысталася – прадалі ўсё, што прывезлі.

…Пруток да прутка – і рукатворны шэдэўр “нараджаецца” літаральна на вачах. Па біяэнергетычных  уласцівасцях лаза – з тых раслін, якія аддаюць энергію. Нашы героі гэту гіпотэзу пацвярджаюць: “Калі пляцеш, усе балячкі праходзяць, настрой падымаецца, прыліў сіл адчуваеш”.

Гледзячы на Мускіх, разумееш, што рамяство ўтойвае яшчэ адну цудадзейную ўласцівасць – яно трывала яднае сям’ю. Літаральна звязвае нябачным, але вельмі надзейным лазовым дубчыкам.

  Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара і з архіва сям’і МУСКІХ.


Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях

 

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений