Калі правесці сацыялагічнае апытанне на тэму “Назавіце першае імя, якое асацыіруецца ў Вас са словам “Хор”, большасць скажа: “Роўда”. Якое дзіва? Віктар Уладзіміравіч больш за паўсотню гадоў кіраваў харамі. Стаў мэтрам харавога мастацтва
Прозвішча Роўда добра вядома смаргонскім старажылам. У Смаргонь з эвакуацыі пасля Першай сусветнай вайны вярнуліся бацькі будучага дырыжора. Пасяліліся ў хаце з дзвюма пакоямі. Адзін з іх абсталявалі пад царкву, а ў другім - 10 лістапада 1921 года з’явіўся на свет хлопчык. Пазней Віктар Уладзіміравіч не раз гаварыў пра тое, што нарадзіўся “на парозе храма”.
Бацька Віктара Роўды больш за 40 гадоў служыў святаром у Смаргоні. Яго стараннямі былі пабудаваны чатыры царквы. Адна з іх – у Рыбаках – працуе і цяпер. Віктар Уладзіміравіч нават у гады атэізму не ўтойваў, што ён – сын святара.