Нечаканым і прыемным адкрыццём стаў высокі ўзровень сабранага тут гістарычнага матэрыялу, цікавая падача інфармацыі, прафесіяналізм экскурсаводаў.
Вялікую асалоду вучні атрымалі ад сустрэчы з загадчыкам музея Міхаілам Міхалькевічам. Ён вельмі цікава і даступна для малодшых школьнікаў расказаў пра гістарычныя падзеі, звязаныя з Крэвам. Экскурсія больш нагадвала пазнавальную віктарыну з падказкамі гаспадара музея. Дзеці ўпершыню пабачылі шмат цікавых артэфактаў. Іх фантазія падказвала, якімі маглі быць памеры маманта, убачыўшы яго зуб, навошта раней выкарыстоўвалі вялікія кошыкі, дзе можна было самаму схавацца, чым нашы далёкія продкі маглі так якасна апрацоўваць каменную зброю і прылады працы. Дзетак цікавіла ўсё: і вілка-нож часоў Першай сусветнай вайны, і таблічкі з назвамі крэўскіх вуліц на польскай мове, і рэшткі зброі з самых даўніх баёў. Шмат эмоцый выклікала ў вучняў магчымасць прымерыць рыцарскую кальчугу. Міхаіл Анатольевіч удалымі падказкамі накіроўваў дзетак на патрэбны варыянт. Было адчуванне, што дзеці самі робяць правільныя высновы.
Загадчыку музея распавядаць дапамагала васьмікласніца Аня Капыш, якая таксама віртуозна валодае краязнаўчым матэрыялам. Яна стала пераможцам абласнога конкурсу юных экскурсаводаў.
Больш 15 год музей носіць ганаровае званне “народны”. Сёння ён налічвае каля тысячы экспанатаў. Вельмі прыемна ўсведамляць, што ўсе яны мясцовыя. Бачна, што музей створаны людзьмі, якія па-сапраўднаму цікавяцца сваёй гісторыяй і добра яе ведаюць. Тут праводзяцца не толькі экскурсіі, але і лекцыі, музейныя ўрокі, класныя і агульнашкольныя мерапрыемствы. Матэрыялы музея часта друкуюцца ў розных часопісах і газетах.
На базе музея працуе гурток “Музеезнаўства”. Яго асноўнымі накірункамі дзейнасці з’яўляюцца пошукава-даследчая работа, папулярызацыя краязнаўства і турызму. Гурткоўцамі сабраны і сістэматызаваны матэрыялы пра старажытны перыяд гісторыі Крэва. Краязнаўцам з Крэва можна па-добраму пазайздросціць.
Вікторыя Камына,
класны кіраўнік 3 А класа сярэдняй школы №3 г. Смаргоні.