Дзеці з вялікай цікавасцю рыхтаваліся да правядзення забавы: разам з выхавальнікамі і музычным кіраўніком развучвалі беларускія вершы і песні, гульню "Рэдзька". Хлопчыкам і дзяўчынкам асабліва спадабаўся танец з рушнікамі. Уразілі дзетак саматканыя льняныя рушнікі, аздобленыя прыгожымі тасьмамі. Не абышлося і без танца "Бульба". Аднак традыцыйны танец мы змянілі на сучасны пад песню "Бульба - гэта супер клас!". Напрыканцы забавы ў выкананні дзяцей прагучала мілагучная песня "Беларусь - мая Радзіма".
Галоўная задумка мерапрыемства - даць магчымасць кожнаму выхаванцу праявіць сябе. Дзеля гэтага дзеці з задавальненнем пераапрануліся ў беларускія народныя касцюмы, выступілі ў ролі гасцей з розных суседскіх вёсак: Шутавіч, Кушлян, Залесся. Кожны выхаванец выконваў сваю ролю: хлопчыкі прывезлі ўсіх гасцей у музычную залу на запрэжаных конях, быў і гарманіст, і дзяўчынка з гусачкай. На продаж нашы госцейкі прывезлі гліняны і драўляны посуд, кніжкі беларускія ды замежныя, саматканыя рушнікі і сурвэткі, гусачку, садавіну ды гародніну.
Мерапрыемства атрымалася яркім і запамінальным дзякуючы песням, танцам, музычным інструментам ды гульням, а непаўторныя "жывыя" эмоцыі дзяцей і дарослых сфармавалі вясёлую атмасферу на нашым свяце.
Аляксандра Аўдзейчык,
музычны кіраўнік ясляў-сада №10 г. Смаргоні.