Уборка каласавых культур у ПКУП “Саўгас Смаргонскі” звычайна пачынаецца з яравога ячменю. Сёлета надвор’е распарадзілася крыху інакш, і першай культурай, якая паклікала ў поле камбайнераў, стала азімае трыцікале.
Важкі колас трыцікале
Падчас візіту на поле, дзе расце гібрыд жыта і пшаніцы, мы сустрэліся з галоўным аграномам гаспадаркі Сяргеем Шманам і галоўным спецыялістам па ідэалагічнай рабоце Паўлам Іваноўскім. Сяргей Пятровіч сачыў за якасцю абмалочвання, своечасовасцю падбору саломы, а Паўла Іванавіча хвалявала дысцыплінаванасць работнікаў падчас уборкі, іх псіхалагічны стан.
Як паведаміў Сяргей Шман, усяго ў гаспадарцы неабходна ўбраць 2050 га зерневых і зернебабовых, 150 га азімага рапсу, 50 га кукурузы на зерне. Пасля таго, як скончыцца ўборка трыцікале, камбайны пачнуць жаць яравы ячмень. Гэта культура ўжо амаль выспела.
Надвор’е пакуль што спрыяе аграрыям. Зерне амаль што не прыходзіцца дасушваць. Гэта эканоміць сродкі, сілы і час. На палегліцу гаспадарка таксама не скардзіцца. Важкія каласы паслухмяна трапляюць у жатку камбайна і аддаюць сваё зерне. Хлебаробы задаволены не толькі станам залацістых ніў, але і ўраджайнасцю. Плануецца, што сёлета кожны гектар дасць на 10-15 цэнтнераў больш, чым у мінулым годзе. Ураджайнасць на палетках з азімым трыцікале дасягнула амаль 40 цэнтнераў з гектара.
Таццяна ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.