Прыгажосць навокал і ў сэрцы
“Не магу сядзець без справы. Люблю ўвесь час нешта новае асвойваць, - кажа жанчына. - Вышываць крыжыкам – мой любімы занятак. “Заразіла” мяне гэтай справай нявестка”.
За шаснаццаць гадоў Ганна Іванаўна вышыла 39 работ. Сярод іх – 12 праваслаўных і каталіцкіх абразоў. “Вышыванне – справа карпатлівая, патрабуе часу і ўседлівасці, але для мяне яно як лякарства, супакойвае нервы, праблемы на задні план адыходзяць, - зазначае майстрыха. – Некаторыя работы вышывала тры – чатыры месяцы, на карціну “Мадона Літта” патраціла год. Увогуле люблю вышываць сюжэты глыбока мастацкія. Напрыклад, карціны Карла Брулова”.
Кнігі – яшчэ адна жарсць нашай гераіні. Прываблівае ўвагу вялікая шафа з выданнямі, большасць – творы рускіх і беларускіх класікаў. “Памятаю, у дзяцінстве з братам чыталі кнігі пад коўдрай з ліхтарыкам, - усміхаецца Ганна Жданюк. - І цяпер заўсёды знаходжу вольную хвілінку, каб узнавіць у памяці герояў любімых раманаў “Людзі на балоце”, “Ціхі Дон”. Нядаўна перачытала творы Васіля Быкава. З гадамі па-іншаму ўспрымаеш напісанае. Часам, як па-новаму спазнаеш творчасць класікаў.
У мяне ёсць і багаты архіў газетных выразак – збіраю інфармацыю пра Ардашы, Крэва і навакольныя вёскі, нарысы пра мясцовых людзей”.
Зямля адыходзіць ад зімняй спячкі, а наша гераіня ўжо рыхтуецца выйсці ў агарод. Неўзабаве ў гаршчках забуяе расада і яе трэба будзе высадзіць у цяпліцу. Прыбраць яловыя галінкі з кустоў руж: каля хаты Жданюкоў заўсёды дагледжаны кветнік. Акаляючы свет гэтай сям’і заўсёды прыгожы.
Галіна АНТОНАВА
Фота аўтара.
Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!