Напрыканцы мінулага тыдня прайшла
раённая спартакіяда сярод маладых спецыялістаў. Пяць каманд, якія
фарміраваліся ў адпаведнасці з працоўнай сферай, прынялі ўдзел у
спаборніцтвах па баскетбольных кідках, дартсу, настольнаму тэнісу,
гіравому спорту і эстафетах. У баскетбольных кідках і дартсе гонар сваіх прадпрыемстваў давялося абараняць дзяўчатам. Ад іх цвёрдай рукі і зоркага вока залежаў поспех усёй каманды. Лепш за ўсіх практыкаванне з дроцікамі выканала Іна Ярмак, што прадстаўляла цэнтральную раённую бальніцу. Крыху горш выступілі, але таксама трапілі ў тройку прызёраў Юлія Шыман са зборнай каманды сельгаспрадпрыемстваў раёна і Ірына Камінская – супрацоўніца агрэгатнага завода. Работніца райбальніцы адзначылася і каля баскетбольнага кольца. На гэты раз пераможныя ачкі камандзе прынесла Марына Карпенка. Крыху ад яе адсталі Анастасія Козел (каманда ўпраўлення адукацыі) і Кацярына Краўчанка (завод аптычнага станкабудавання). А мужчынская частка каманд у гэты час змагалася з 24-кілаграмовай гірай, падымаючы яе па чарзе правай і левай рукамі. Аляксей Сульжыцкі (каманда сельгаспрадпрыемстваў) адной толькі правай рукой падняў гіру над галавой 60 разоў. Яшчэ сорак – левай. Безумоўна, ён стаў лепшым у гэтым відзе. Аляксей Райчонак (агрэгатны завод) паказаў вынік 41 рывок, а на трэцім месцы апынуўся Аляксандр Усаевіч (упраўленне адукацыі) – 16 рыўкоў. У настольным тэнісе падводзіліся асабістыя і агульнакамандныя вынікі. Упэўнена перамаглі Кацярына Шапель і Вадзім Лобач (сельскагаспадарчыя прадпрыемствы). Яны і вывелі сваю каманду на першае месца. Другое месца ў каманды агрэгатнага завода, трэцяе – у цэнтральнай раённай бальніцы. Завяршылі спаборніцтвы спартыўныя эстафеты. Тут каманды паказвалі вынікі з пераменным поспехам. Але суддзі падсумавалі і ачкі ў гэтым відзе, і атрыманыя ў іншых і вынеслі свой вердыкт. Трэцяе месца ў раённых спаборніцтвах занялі работнікі ўпраўлення адукацыі, другое – каманда сельгаспрадпрыемстваў раёна. А лепшымі з лепшых на першай раённай спартакіядзе маладых спецыялістаў сталі медыцынскія работнікі. Усе ўдзельнікі ўзнагароджаны прызамі ад аддзела па справах моладзі райвыканкама.
Віялета ВОЙТКА. Фота аўтара.
|