 У гаспадарках раёна прыступілі да
ўборкі цукровых буракоў. Першым на стартавую прамую выйшаў СВК
"Ракаўцы”. У аўторак, 30 жніўня, тут быў вырваны першы караняплод.
Мы наведаліся ў гаспадарку на наступны дзень пасля таго, як уборка цукровых буракоў была распачата. Скончыўшы сваю чарговую паласу, каля нас спыніўся камбайн нямецкай фірмы "Кляйн”. Гэтую тэхніку гаспадарка набыла ў мінулым годзе. Летась новы "Кляйн” прайшоў 100 га. Сёлета яго чакае плошча ў два разы большая. Тэхніка добрая, так што на яе можна разлічваць. Да яе прыстаўлены вельмі кемлівы і адказны механізатар Дзмітрый Піліпенка. Нягледзячы на свой юнацкі ўзрост (яму ўсяго толькі 21), ён на выдатна спраўляецца з даручанай справай. У гаспадарку хлопец уладкаваўся працаваць толькі ў мінулым годзе, і яму амаль што адразу даверылі новую тэхніку. "Справіцца”, - быў упэўнены старшыня гаспадаркі. Так яно і выйшла. - Цукровыя буракі - самая прыбытковая для гаспадаркі культура, - расказвае старшыня СВК Дзмітрый Ціценка. - І таму сёлета мы засеялі на 150 гектараў больш, чым летась. Але і на гэтым спыняцца не збіраемся. Калі ўсё будзе добра, на наступны год адвядзём пад яе не менш за 400 га палетку. У мінулым годзе ўраджайнасць была не вельмі высокая - 390 ц/га. Цяпер плануем выйсці на 500. Усе буракі пастаўляюцца на Жабінкаўскі цукровы завод. Узамен гаспадаркі раёна атрымліваюць не толькі грошы, але і карысныя для жывёлы жом і патаку - адходы цукровай вытворчасці. Дабаўленне гэтых прадуктаў у корм садзейнічае павышэнню надояў. Таму для гаспадарак цукровыя буракі, дарэчы, як і рапс, культура, якая прыносіць двайную карысць.
Таццяна ПУНЖЭЛЬ. Фота Міхаіла РАЗУМНІКА.
|