У пачатку верасня аграрыі раёна
выйшлі на ўборку кукурузы. "Каралева палёў” у гэтым годзе ўрадзіла
добра. Сярэдняя ўраджайнасць па раёне – 340 ц/га. У мінулым годзе гэты
паказчык быў значна ніжэйшым.
Сёлета па раёне неабходна ўбраць 4268 га кукурузы. Па
даным на 21 верасня гаспадаркі выканалі план на 43%. У лідарах на ўборцы
– саўгас "Смаргонскі”, дзе ўбрана 62% ад задання. На другім месцы –
філіял "Жодзішкі”, дзе таксама ўбрана больш за палову ўраджаю.
Саўгас "Смаргонскі” каторы раз у перадавіках на ўборцы.
Падчас жніва ён першы сабраў ураджай з палёў. Калі тэхніка не падвядзе і
ўсё пойдзе, як запланавана, то з уборкай кукурузы ён таксама справіцца
першым. Сёлета ў саўгасе "каралеве палёў” адвялі 500 га зямлі. Убрана
ўжо больш за 300. Тут працуюць руплівыя і старанныя механізатары. З
Генадзем Аўгусціновічам мы сустрэліся на адным з палеткаў. Пастаяннага
перадавіка на ўборцы зялёных кармоў пазналі па зялёненькім "Ягуары”.
Агрэгат спыніўся недалёка ад нас, і з кабіны выйшаў яго кіроўца.
Сёлетнім ураджаем Генадзь задаволены. Кукуруза вырасла добрая, і таму
даведзеныя штодзённыя нормы механізатар перавыконвае ў некалькі разоў.
На сваім "Ягуары” ён скошвае і здрабняе каля 600-700 тон ў дзень.
Уся кукуруза, якая цяпер убіраеца з палёў, у
міжсезоннасць пойдзе на корм жывёле. Здробненую зялёную масу закладаюць у
траншэі на сілас. А вось уборка кукурузы на зерне пачнецца пазней. А
пакуль у гаспадарках ідзе напружаная работа на трамбоўцы. Па закладцы
сіласу лідзіруе СВК "Саўбел”, дзе больш за дзесяць з паловай тысяч тон
кукурузы ўжо ляжаць у траншэях.
Таццяна ЧАРНЯЎСКАЯ. Фота Міхаіла РАЗУМНІКА.
|