Першы хлеб з палеткаў раёна ўжо даўно ўбраны, і цяпер аграрыі ва ўсю моц працуюць на ўборцы другога хлеба – бульбы. Сёлета яна была пасаджана ў чатырох гаспадарках раёна на агульнай плошчы 180 га. СВК "Солы” і саўгас "Смаргонскі” збор бульбянога ўраджаю ўжо скончылі. Сёлета гэтыя гаспадаркі першыя не толькі па тэмпах капання, але і па паказчыках ураджайнасці. Яна склала больш за 270 ц/га. СВК "Саўбел” блізкі да завяршэння капальнага сезону. З 30 га тут ужо ўбрана 25. Астатнія 5 плануецца ўбраць прыкладна за тыдзень. На гэтай справе задзейнічаны работнікі ад службы занятасці (на здымку), вучні Вішнеўскай і Войстамскай школ, работнікі сельсавета і ўстаноў культуры. Як расказаў галоўны аграном СВК "Саўбел” Аляксандр Жлабо, сёлета сярэдняя ўраджайнасць бульбы – 258 ц/га. Найбольшы ўраджай далі новыя гатункі, а старыя ў параўнанні з мінулым годам урадзілі крыху горш. У пачатку ўборкі бульбу падчас капання не сартавалі, а цяпер справу капальшчыкаў крыху ўскладнілі. Дробная і сартавая бульба скідваецца разам і звозіцца ў сховішча, а вялікая адбіраецца і складваецца ў сеткі. Яна пойдзе на продаж. Засталося толькі канчаткова вызначыць яе кошт за кілаграм.
Таццяна ЧАРНЯЎСКАЯ. Фота аўтара.
|