На мінулым тыдні быў запушчаны ў
эксплуатацыю новы малочнатаварны комплекс у Сасноўцы. На адкрыццё сюды
завіталі старшыня райвыканкама Мечыслаў Гой, яго першы намеснік Іван
Шлавенец, кіраўніцтва філіяла "Жодзішкі”, а таксама прадстаўнікі
ветэрынарнай службы раёна. Благаславіць новы аб’ект на добрую працу
прыехалі праваслаўны і каталіцкі святары. На тэрыторыі комплексу яшчэ гудзе будаўнічая тэхніка і працягваецца добраўпарадкаванне. Памяшканні кароўніка і даільнай залы яшчэ "дыхаюць” рамонтам. І вось у новым "доме” з’явіліся навасёлы. З фермы "Пастарыні” сюды прывезлі першую партыю кароў. Новыя ўмовы жывёлу заўсёды палохаюць, і таму на першую дойку рагуль прыйшлося доўга "ўгаворваць”. Але як толькі каровы занялі свае месцы ў даільнай зале, працэс пайшоў нармальна. Даільная ўстаноўка нямецкай фірмы «Вестфалія” абслугоўвала жывёлу і на папярэдняй ферме. І таму да новага тыпу даення каровы ўжо даўно прызвычаіліся. Хвіліна-другая - і па малакаправодзе пайшлі першыя літры малака. Новае абсталяванне зроблена так, што ўмяшальніцтва чалавека ў працэс дойкі поўнасцю выключаецца. А гэта гарантыя таго, што ніякіх пабочных рэчываў у малако не трапіць, і малакавоз забярэ з комплексу стопрацэнтны сырэц. Незадоўга гэты комплекс будзе працаваць на поўную моц. Тут плануецца ўтрымліваць больш за дзве тысячы галоў буйной рагатай жывёлы, якая размесціцца ў некалькіх будынках: кароўніках для дойных кароў, кароўніках для цялушак і сухастою і цялятніках. Такое пагалоўе будуць абслугоўваць амаль 40 чалавек. Для работнікаў тут створаны ўсе неабходныя ўмовы: душавая з гарачай вадой, раздзявалкі, пакой для харчавання. Так што нараканняў на адсутнасць камфорту быць не павінна. Кіраўніцтва паклапацілася пра кожнага. Не забыліся і пра ветэрынарную службу, якая вельмі часта застаецца незадаволенай умовамі працы. На новым комплексе для асоб у белых халатах – усе зручнасці. Ёсць нават новы станок для абрэзкі капытоў, які набылі за 90 мільёнаў. Так што кароўкі на новай ферме забудуцца пра хваробы канечнасцей і заўсёды будуць дагледжанымі.
Таццяна ЧАРНЯЎСКАЯ. Фота Міхаіла РАЗУМНІКА.
|