Навігацыя |
|
Поиск |
|
|
Наш опрос |
|
Форма входа |
|
|
Статистика |
|
|
|
| Приветствую Вас, Гость · RSS |
21.05.2012, 11:40 |
|
Служба павышанай адказнасці
Гэта недасведчанаму чалавеку можа
падацца, што ў газавай службе ўсё проста: адкруціў вентыль – падаў газ,
закруціў – спыніў падачу. На самай справе працаваць тут нялёгка,
паколькі вельмі вялікая адказнасць за выконваемую работу. Асабліва гэта
датычыць тых спецыялістаў, якія маюць справу з газаправодамі і газавым
абсталяваннем. Больш падрабязна аб гэтым і іншым папрасіў расказаць
напярэдадні прафесійнага свята галоўнага інжынера вытворчага аб’яднання
"Смаргоньміжрайгаз” Аляксандра ШАРАБАЙКУ (на здымку).
- Калектыў нашай арганізацыі сустракае прафесійнае свята з добрым настроем, - пачаў размову Аляксандр Анатольевіч. – За 7 месяцаў гэтага года выкананы ўсе задачы па безаварыйным і бесперапынным забеспячэнні газам суб’ектаў гаспадарання і жыхароў раёна. У 13 тысяч 400 кватэр падведзены прыродны газ, жыльцы 10 тысяч 396 дамоў карыстаюцца звадкаваным. За студзень-ліпень гэтага года прыродны газ "прыйшоў” у 167 кватэр, акрамя гэтага на яго пераведзены 53 кватэры, дзе выкарыстоўваўся звадкаваны. За паўгода ў домаўладаннях грамадзян устаноўлены 482 газавыя лічыльнікі. І цяпер ёсць людзі, якія жадаюць устанавіць іх у сваім жыллі. Пры гэтым чэргаў не ўзнікае. - На што звяртаецца асаблівая ўвага ў рабоце газавай службы? - Акрамя транспарціроўкі газу і падачы яго насельніцтву большасць работнікаў нашай арганізацыі занята эксплуатацыяй сістэм газазабеспячэння. Сюды ўваходзіць комплекснае прыборнае абследаванне газаправодаў. Адшукваюцца пашкоджанні ізаляцыі, уцечка газу. Пастаянна праводзіцца абход газавых сеткавых прыстасаванняў, каб пераканацца ў іх спраўнасці і тым самым пазбегнуць узнікнення надзвычайных сітуацый. Выконваюцца пэўныя работы і ў жылых дамах і кватэрах. Сезоннаму абслугоўванню падлягаюць газавыя катлы, планаваму – газавыя пліты. Спецыялісты разбіраюць прыборы, прачышчаюць іх, змазваюць, дзе неабходна, дэталі.
- Ці заўсёды ёсць магчымасць своечасова праверыць газавае абсталяванне ў кватэрах і жылых дамах? - Ёсць праблема, калі людзі працяглы час па нейкіх прычынах не жывуць у сваіх кватэрах, выехалі ў іншыя раёны ці вобласці, альбо ўвогуле за межы Беларусі. У такіх выпадках звяртаемся ў райвыканкам, прадастаўляем неабходную інфармацыю і спадзяёмся на аказанне нам дапамогі. Цесна працуем з жыллёвай рамонтна-эксплуатацыйнай службай. Шукаем магчымыя законныя шляхі, каб патрапіць у нежылыя кватэры, бо невядома ў якім стане знаходзіцца там газавае абсталяванне, якое можа несці пагрозу іншым жыльцам шматпавярховага дома. Што датычыць праверкі газавых катлоў, то з гэтым праблем не ўзнікае – гаспадары дамоў чакаюць прыходу нашых спецыялістаў. Трэба прамыць цеплаабменнікі, прапыласосіць, працерці пыл на электронным прыборы, зачысціць кантакты, каб зімою абсталяванне працавала без збояў. - Як часта паступаюць выклікі ў аварыйную службу? - У нас аварыйная служба з’яўляецца адным з важных падраздзяленняў. Яна добра арганізавана, поўнасцю ўкамплектавана, працуе кругласутачна. Прызначана для лакалізацыі і ліквідацыі магчымых аварыйных сітуацый на сетках газазабеспячэння, на газаспажываючым абсталяванні. Галоўная задача для работнікаў гэтай службы – ухіліць выхад газу. Для гэтага ёсць неабходныя спецыяльныя сродкі і абсталяванне. Яны пастаянна правяраюцца, абнаўляюцца. Работнікі гэтай службы пастаянна ўдзельнічаюць у абласных і рэспубліканскіх аглядах-конкурсах. Штомесяц праводзіцца пэўная падрыхтоўка аварыйных брыгад у самой арганізацыі. Увогуле, аварыйная служба надзвычай дысцыплінаваная, паколькі пастаянна знаходзіцца, можна сказаць, на перадавой. Гавару гэта не з чужых слоў, паколькі да цяперашняй пасады быў там начальнікам.
- Напэўна, пры прыёме на работу ў "аварыйку” да кандыдатаў прад’яўляюцца павышаныя патрабаванні? - У аварыйную службу не бяром людзей з вуліцы. Сюды пераводзім сваіх работнікаў, якія добра зарэкамендавалі сябе падчас работы ў газавай гаспадарцы. Слесары павінны мець разрад не ніжэй 4-га, вадзіцель – не ніжэй 2-га класа. Неабходны вопыт работы. Нядаўна было ўведзена абмежаванне па ўзросце для работнікаў аварыйнай службы – да 55 гадоў. Пасля гэтага іх пераводзяць у іншыя падраздзяленні. Вядома, чым чалавек маладзейшы, тым ён лягчэйшы на пад’ём. Хаця былі выпадкі, што і пад 60 гадоў работнікі маглі даць фору маладым. У аварыйнай службе 5 брыгад, па тры чалавекі ў кожнай. Ёсць спецаўтамабіль. Звычайна за змену прыходзіцца выязджаць на тры-чатыры выклікі. Летам паступае менш зваротаў ад жыльцоў у аварыйна-дыспетчарскую службу, восенню і зімою больш. Усе паведамленні запісваюцца апаратурай. - Аляксандр Анатольевіч, якія аб’екты вытворчага прызначэння і населеныя пункты газіфікаваны апошнім часам? - У дзвюх гаспадарках падключылі да газу збожжасушылкі, перавялі іншыя аб’екты са звадкаванага газу на прыродны. У жніўні мінулага года падалі газ у Бялкоўшчыну і Асінаўку, устанавілі газарэгулятарны пункт. У Асінаўцы і Бялкоўшчыне створаны кааператывы – жыхары гэтых вёсак выказалі жаданне правесці ў свае дамы прыродны газ. Неўзабаве будзе ўведзена ў эксплуатацыю газавая ветка па вуліцы Гагарына, а таксама падключаны да газазабеспячэння нядаўна пабудаваныя катэджы непадалёку ад возера Юбілейнага на Маладзёжнай, некалькі дамоў у Залессі. Сёлета быў пракладзены газаправод у вёсцы Арэхаўка. Распрацоўваецца дакументацыя па газіфікацыі мікрараёна прыватнай забудовы за вуліцай Кірава, пракладзена газавая магістраль па вуліцы Сонечнай. Калі будзе належнае фінансаванне, то прадоўжацца работы па газіфікацыі жылых дамоў. - Як часта праводзіце інструктаж жыльцоў па газавай бяспецы? - Перад засяленнем жыльцоў у новыя кватэры, а таксама ў абсталяваныя газавымі прыборамі дамы з гэтымі людзьмі абавязкова праводзіцца інструктаж. Акрамя дарослых яго праходзяць і дзеці ва ўзросце 12 гадоў і старэйшыя, якія маюць права доступу да газавага бытавога абсталявання. Нашы спецыялісты растлумачваюць ім, як правільна карыстацца газавымі прыборамі, уключаць і выключаць пліту. Як паводзіць сябе ў аварыйнай сітуацыі. Спецыялісты нашай службы таксама не дапускаюцца да работы без адпаведнага навучання. Пярвічнае праходзяць у спецыяльных курсавых камбінатах. Потым атрыманыя імі веды правяраюць інспектары прамнагляду. Адзін раз у тры гады спецыялісты здаюць экзамены. Адзін раз у пяць гадоў праводзіцца паўторнае навучанне. Рабочыя штогод праходзяць праверку ведаў, абучаюцца на курсах павышэння кваліфікацыі. Прычым вучоба праводзіцца пастаянна і па ўсіх відах выконваемых работ. - Ці многа ветэранаў і моладзі ў мясцовай газавай службе? - За апошнія два-тры гады ў нашай арганізацыі паступова амалоджваецца калектыў. На дзве трэціх памяняўся састаў інжынерна-тэхнічных работнікаў. Праводзілі на заслужаны адпачынак ветэранаў. Былыя дырэктар Мікалай Мікалаевіч Клыга і галоўны інжынер Павел Мікалаевіч Здасюк прыйшлі ў мясцовую газавую службу ў далёкім 1975 годзе. З таго ж года пачала працаваць і былы начальнік вытворчага аддзела Таццяна Пятроўна Шыдлоўская. Не адзін дзясятак гадоў аддалі газавай службе былыя майстры Зінаіда Іванаўна Альхімовіч і Марына Францаўна Брускова. Некаторыя нашы пенсіянеры прадаўжаюць працаваць. Гэта інжынер па ахове працы Галіна Іванаўна Тарасевіч, начальнік вытворчага аддзела Валянціна Вацлаваўна Муская.
Амаль усе майстры пачыналі працоўную дзейнасць са слесараў і цяпер добра працуюць на новай пасадзе. Гэта Віталь Будай, Юрый Шоць. Стараннымі спецыялістамі з’яўляюцца інжынер вытворча-тэхнічнага аддзела Аляксандр Загорскі, начальнік аварыйна-дыспетчарскай службы Ігар Альхімовіч. Толькі з лепшага боку зарэкамендавалі сябе слесар аварыйна-аднаўленчых работ Віктар Андрыца, вадзіцель аўтамабіля аварыйна-дыспетчарскай службы Тадэвуш Галяк, слесар па эксплуатацыі і рамонце газавага абсталявання Анатоль Дзялун, вадзіцель і па сумяшчальніцтве зваршчык пластмасы Дзмітрый Курыла.
Гутарыў Юрый ЯНУШКЕВІЧ.Фота Міхаіла РАЗУМНІКА.
|
| Категория: Актуальнае інтэрв’ю | Добавил: shliah (02.09.2011)
|
| Просмотров: 83
| Рейтинг: 0.0/0 |
|
|