Навігацыя |
|
Поиск |
|
|
Наш опрос |
|
Форма входа |
|
|
Статистика |
|
|
|
| Приветствую Вас, Гость · RSS |
21.05.2012, 11:18 |
|
Новы год у стылі Тэзэ Што яднае ўсіх хрысціян
Многія мараць сустрэць Новы год
далёка ад дому: ёсць у гэтым нейкая своеасаблівая рамантыка, прадчуванне
казкі і нечага незвычайнага. Але нямногім уяўляецца, што можна
адзначаць гэтае свята не толькі ў далечыні ад родных мясцін, але і ў
кампаніі практычна незнаёмых людзей. Кампанія, у якой сустракалі Новы
год сёлета дзевяць маладых людзей са Смаргоні, была сапраўды вялікая:
трыццаць тысяч чалавек, прычым не толькі незнаёмых, але і з самых розных
краін свету. А ўсё таму, што яны адгукнуліся на запрашэнне прыехаць на
Калядную еўрапейскую сустрэчу моладзі ў Берлін. Такія сустрэчы наладжваюцца штогод. Прыязджаюць на іх католікі, праваслаўныя і пратэстанты не толькі з Еўропы, але і з іншых краін. Ініцыятарам з’яўляецца хрысціянская абшчына Тэзэ і яе цяперашні кіраўнік - брат Алаіс (ён і вызначае тэму і ход усёй сустрэчы). Жылі смаргонцы ў прыгарадзе Берліна, у нямецкіх сем’ях. Нягледзячы на тое, што група прыехала як каталіцкая, прымалі іх і пратэстанты. Гэта было надзвычай цікава, бо можна было пазнаёміцца і з штодзённым жыццём немцаў, і паглядзець на адрозненні ў духоўным жыцці католікаў і пратэстантаў. І ніколькі не спалохала тое, што госці і гаспадары далёка не заўсёды разумелі словы, скіраваныя да іх, мова жэстаў дадала весялосці і яшчэ больш парадніла. Такім жа чынам па розных берлінскіх прыходах былі размеркаваны і іншыя ўдзельнікі сустрэчы. Разам з нашымі хлопцамі і дзяўчатамі ў прыходзе былі групы з Венгрыі, Польшчы, Італіі і Харватыі - усяго каля 90 чалавек. Разам яны ўдзельнічалі штодзень у ранішняй малітве, працавалі ў малых групах. Разам з моладдзю іншых краін беларусы разважалі над пасланнем брата Алаіса на тэму салідарнасці народаў і прадстаўнікоў розных веравызнанняў. А два разы на дзень усе, хто прыехаў на гэтую сустрэчу, збіраліся разам у Берлінскім выставачным цэнтры, у павільёнах якога памяшчаліся ўсе трыццаць тысяч чалавек. Там праходзіў абед, у вызначаны час збіраліся на малітву. І праваслаўныя, і католікі, і пратэстанты з аднолькавым шанаваннем кленчылі перад крыжам Тэзэ, з аднолькавай радасцю ў сэрцы спявалі каноны - як адзіная хрысціянская сям’я. У пасляабедзенны час усіх жадаючых чакалі тэматычныя семінары, якія ў большасці сваёй уяўлялі сустрэчы з цікавымі людзьмі: з членамі нямецкага парламента, з "сучаснікамі” бярлінскай сцяны, членамі яўрэйскай абшчыны Берліна. Прапаноўваліся і экскурсіі па горадзе. Прыгожа і насычана прайшоў пераднавагодні дзень 31 снежня. Сустрэліся разам усе беларускія групы, якія прыехалі ў Германію. Моладзь абмяркоўвала, як увасобіць ідэі сустрэчы ў жыццё на Радзіме, як не страціць у штодзённай рэальнасці адчуванне духоўнай еднасці з прадстаўнікамі іншых канфесій. А непасрэднае святкаванне прайшло ў прыходах, за якімі групы былі замацаваны. Незадоўга да дванаццаці гадзін усе разам (беларусы, харваты, венгры, італьянцы і палякі) падзякавалі Богу за пражыты год, атрымалі благаслаўленне мясцовага святара. Амаль са слязамі на вачах віншавалі адзін аднаго са святам, якое іх аб’яднала. А пасля распачалося свята народаў: кожная група падрыхтавала прэзентацыю пра сваю родную краіну, павесяліла іншых спевамі, гульнямі, танцамі. Гэта было свята, у якое кожны чалавек уклаў часцінку сябе, таму сумна проста не магло быць. Назаўтра – урачысты абед у сем’ях, якія так гасцінна прымалі ў сябе прыезджых, і развітанне. А ў сэрцах засталіся самыя светлыя ўражанні, самыя добрыя пачуцці. Вікторыя Мрочка: "Калі бачыш тысячы людзей, аб’яднаных адной ідэяй, перапоўненых энергіяй, хочацца зрабіць нешта незвычайнае для сябе і для ўсіх, каб стаць адным цэлым, нягледзячы на кіламетры, што нас раздзяляюць”. Юлія Клявец: "Мір ва ўсім свеце пачынаецца ў сэрцы. Сустрэча Тэзэ дапамагае людзям шукаць гэты мір, будаваць давер паміж людзьмі розных канфесій і нацыянальнасцей”. Валерыя Айрапяцян: "Сустрэча Тэзэ - не толькі добрая магчымасць пазнаёміцца з маладымі людзьмі з розных краін свету, але і нагода для таго, каб спыніцца, зрабіць паўзу ў нашым такім хуткім жыцці, падумаць аб Стварыцелі гэтага жыцця, сваіх адносінах з Ім і тымі, хто вакол нас”.
Віялета ВОЙТКА.
|
| Категория: Духовность | Добавил: shliah (13.01.2012)
|
| Просмотров: 73
| Рейтинг: 0.0/0 |
|
|