Беспрацоўны і пад "градусам” жыхар
вёскі Вайнідзеняты ўгнаў у пасёлку Свір аўтамабіль "Сітраэн”. Гаспадар
іншамаркі звярнуўся па дапамогу ў міліцыю. Быў уведзены план "Перахват”.
Супрацоўнікі смаргонскай ДАІ затрымалі аўтамабіль непадалёку ад вёскі
Завелле.
Узбуджана крымінальная справа.
* * *
Узбуджана крымінальная справа супраць жыхара
Маладзечна, які ехаў на мапедзе па Крэве і наскочыў на бардзюрны камень.
Пасажыр упаў і атрымаў цяжкія цялесныя траўмы. Вадзіцель мапеда з месца
ДТЗ знік, пакінуўшы пацярпелага ў небяспечным стане.
* * *
З нежылога дома ў вёсцы Навасёлкі былі ўкрадзены
электрычны прас, электрычны чайнік, пара мужчынскіх туфляў, сталовыя
прыборы, інструменты і дзве ручныя машынкі для стрыжкі валасоў.
* * *
Жыхар Мядзельскага раёна пасля сумеснага распіцця
спіртных напіткаў са знаёмым з Солаў адкрыта выцягнуў у апошняга з
кішэні 200 тысяч рублёў.
Пацярпеламу нічога не заставалася, як звярнуцца па дапамогу ў міліцыю.
* * *
Двое жыхароў Смаргоні 1965 і 1976 гадоў нараджэння,
заходзячыся на тэрыторыі дрэваапрацоўчага прадпрыемства, укралі
бензапілу і электрарубанак агульным коштам 3 мільёны 402 тысячы рублёў.
* * *
31-гадовы гараджанін наведаўся ў залу гульнёвых
аўтаматаў, якая размешчана ў будынку рэстарана "Вілія”, і ўкраў адтуль
пакінуты без нагляду ноўтбук, які належаў мясцоваму жыхару.
* * *
З магазіна ў вёсцы Сівіца, які належыць
райспажыўтаварыству, былі ўкрадзены вінна-гарэлачныя, тытунёвыя і
кандытарскія вырабы, харчовыя прадукты, парфума, 30 пар шкарпэтак і
грашовая выручка (каля 20 тысяч рублёў). Усяго на 7 мільёнаў 489 тысяч
865 рублёў.
Узбуджана крымінальная справа.
Інфармацыю РАУС падрыхтаваў да друку
Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
|