У Смаргоні з аўтамабіля "Форд”, які
стаяў у Абразцовым завулку каля будуемага катэджа і быў незамкнёны,
нехта ўкраў перфаратар, электра- і бензапілы. Пры дапамозе гэтых
інструментаў уладальнік іншамаркі аказваў паслугі па розных відах работ.
* * *
Мясцовы жыхар вярнуўся дамоў з рэстарана. Паміж ім і
жонкаю адбылася сварка, падчас якой жанчыне былі нанесены два нажавыя
ўдары ў грудзі.
Пазней высветлілася, што не толькі муж, але і жонка
была нападпітку. Таму гэтыя людзі не змаглі патлумачыць супрацоўнікам
міліцыі з-за чаго адбыўся канфлікт.
* * *
У міліцыю звярнуўся гаспадар аўтамабіля "Рэно”. З
салона іншамаркі прапалі электрапомпа "Тайфун”, 5 літраў масла для
дызельнага рухавіка, 20 літраў саляркі і ўніверсальны складны нож.
* * *
Смаргонец 1982 года нараджэння распіваў спіртныя напіткі ў кватэры дома па вуліцы Юбілейнай, а потым украў лічбавы фотаапарат.
* * *
Каля вёскі Залессе супрацоўнікі ДАІ спынілі аўтамабіль,
за рулём якога знаходзіўся жыхар Маладзечна. У салоне легкавушкі
мужчына перавозіў 190 літраў паліва без адпаведных дакументаў.
На парушальніка складзены адміністрацыйны пратакол.
* * *
Жыхар Смаргоні 1962 года нараджэння знаходзіўся вечарам
у кватэры дома па вуліцы Савецкай. Пасля таго, як мужчына пакінуў
жыллё, гаспадары не далічыліся 150 тысяч рублёў.
* * *
Дзяржаўтаінспектары "адпрацоўвалі” мясцовасць каля
вёскі Мілэйкава. Спынілі "Опель”, праверылі дакументы ў вадзіцеля. Потым
агледзелі аўтамабіль і знайшлі 50 літраў самагону. Яго перавозіў жыхар
вёскі Брылькі Валожынскага раёна.
А маладзечанец, якога супрацоўнікі ДАІ спынілі каля Алянца, вёз у аўтамабілі 105 літраў "сівухі”.
Інфармацыю РАУС падрыхтаваў да друку
Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
|