Калі любоў да працы шчырая

 

Калі любоў да працы шчырая

Общество
23.04.2024
610

Старастай Галіна Браніславаўна СІДАРОВІЧ у аграгарадку Крэва з’яўляецца ўжо больш за 20 гадоў. Мясцовыя жыхары гэтую сціплую, але ўважлівую да ўсяго, што адбываецца, жанчыну, любяць, паважаюць і шануюць.

2Z3A9646.JPG

Завітаўшы да Галіны Браніславаўны, мы заўважылі, што на яе ўчастку поўным ходам ідзе праца: жанчына была занята пасадкай клубніц. Паназіраўшы за працэсам пасадкі, мы не маглі не адзначыць, наколькі старанна і акуратна яна гэта робіць. Кожны кусцік клубніц быў змешчаны ў падрыхтаваную лунку, пасля чаго Галіна Браніславаўна старанна засыпала яго зямлёй і паліла вадой.

– Я не магу проста сядзець без працы. На днях агарод «парадкавала», ужо пасеяла пшаніцу. Цяпер зімні часнок трэба перасаджваць. Я да гэтага часу працую яшчэ і прыбіральшчыцай у мясцовай краме. Ды і што мне яшчэ рабіць на пенсіі? Не крыжаванкі ж разгадваць, – жартаўлівым тонам кажа наша суразмоўца.

А я слухаю яе і дзіўлюся. Здавалася б, жанчына ўжо даўно на пенсіі і магла б проста адпачываць і атрымліваць асалоду ад жыцця. Але…

– Калі мой муж быў яшчэ жывы, мы трымалі каня, карову, свіней, курэй. За ўсёй гэтай гаспадаркай трэба было штодня даглядаць. Цяпер, калі мужа не стала, з нашага «багацця» ў мяне засталіся толькі два сабачкі, некалькі курачак і трусоў. Але і за імі патрэбен догляд. Прашу дзяцей, каб дазволілі мне яшчэ завесці парася, – усміхаючыся зазначыла жанчына.

Акрамя жыцця асабістага Галіны Сідаровіч нас цікавіў яшчэ і грамдскі бок. Пытаемся, ці лёгка сёння быць старастам у такім вялікім населеным пункце? Галіна Браніславаўна лічыць, што перад старастам стаіць важная задача – прыцягнуць як мага больш людзей да грамадскага жыцця, уключаючы пенсіянераў і моладзь. Гэта трэба для таго, каб дзеці вучыліся працаваць разам з дарослымі, шанавалі сваю і чужую працу.

Сяргей ЮРЭВІЧ

Фото аўтара

Статьи по теме: