У Вішневе правялі супрацьнаркатычны круглы стол
У Вішнеўскім Доме культуры за круглым сталом сабраліся аператыўны ўпаўнаважаны групы наркакантролю РАУС, урач-нарколаг, прадстаўнікі раённага і вішнеўскага аддзелаў культуры, сельвыканкама, мясцовай гаспадаркі, амбулаторыі, школы, бібліятэкі, настаяцель каталіцкага храма. У імправізаванай зале (мерапрыемства праходзіла ў фае) – вучні, бацькі некаторых з іх, якія ў гэты час былі вольныя ад працы.
Тэма гутаркі - наркаманія і алкагалізм. Дарослыя распавядалі аб тым, як шкодзяць здароўю ўжыванне наркотыкаў і спіртных напіткаў. Што гэта бяда не толькі для людзей, якія апынуліся ў палоне згубленых звычак, але і для іх родных і блізкіх. Гэта яшчэ і пагроза для будучых пакаленняў. Бацькам таксама было прадастаўлена слова.
У фае размясцілі адпаведную наглядную агітацыю. У дзяцей цікавіліся, як яны ставяцца да ўжывання наркотыкаў, спіртнога, чаму аддаюць перавагу ў сваім жыцці. Хлопчыкі і дзяўчынкі адказвалі, што іх захапляе спорт, удзел у розных гуртках, а яшчэ яны прыхільнікі сямейных каштоўнасцей.
Каб пазбегнуць манатоннасці ў сустрэчы, у перапынку паміж выступленнямі адказных службовых асобаў гучалі песенныя нумары ў выкананні работніцы раённага Цэнтра культуры.
Такія прафілактычныя мерапрыемствы будуць праводзіцца на працягу года, толькі ў розных фарматах.
Фота аўтара.