Бокс – школа жыцця

 

Бокс – школа жыцця

Спорт и туризм
04.10.2019
2441
Ці можа чалавек, які не мае педагагічнай адукацыі, атрымаць прэмію, якую ўручаюць лепшым з лепшых педагогам.  Аказваецца, можна. Толькі для гэтага трэба быць выключным чалавекам. Ну, і паспяхова працаваць з дзецьмі. І каб яны цябе любілі, і ты іх.  

IMG_3938.JPG

Віктар Тухто, кіраўнік гуртка “Бокс” з цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, дзесяць гадоў таму стаў уладальнікам педагагічнай прэміі імя Ефрасінні Полацкай.

Напомню, прэмія – знак удзячнасці педагогам за высокія вынікі работы, адданасць прафесіі, творчы падыход. Віктар Станіслававіч тады атрымаў прэмію ў намінацыі “За гонар і годнасць”.

Раней Віктар Тухто годна служыў Радзіме, быў пагранічнікам, а трэнерскую работу сумяшчаў. Сем гадоў таму пайшоў на ваенную пенсію і яшчэ больш аддаўся служэнню дзецям.

Займацца боксам Віктар пачаў яшчэ ў падлеткавым узросце. А яго трэнерскі стаж – 30 гадоў. Чатыры гады трэніраваў хлопчыкаў у Варнянах. Пасля пера­ехаў у Смаргонь, прыйшоў у цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, прапанаваў свае паслугі. На прапанову адразу адгукнуліся, прынялі на работу, дапамаглі знайсці залу для трэніровак.

У Віктара Станіслававіча таленавітыя выхаванцы. Менавіта ў Смаргоні свае першыя крокі ў вялікі спорт (два гады трэніраваўся) рабіў Аляксандр Апанасёнак. У 2004 годзе ён прымаў удзел у Алімпійскіх гульнях у Грэцыі. Міхаіл Завада – тройчы станавіўся пераможцам ў абласных спаборніцтвах. Ягор Мазнёў перамог у рэспубліканскім турніры. Мікіта Жэрнасек – фіналіст першынства Рэспублікі Беларусь сярод юніёраў.  Літаральна ў мінулую нядзелю Дзяніс Беніцэвіч заняў першае  месца на міжнародным турніры памяці майстра спорту СССР Камбара Андашава, які прахо­дзіў у Казахстане. Ён быў прызёрам рэспубліканскага спаборніцтва, сёлета паступіў у рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву. На рахунку каманды смаргонскіх баксёраў – прызавыя дыпломы на абласных спаборніцтвах.

Віктар Тухто паціху становіцца сямейным трэнерам. Раней да яго на трэніроўкі хадзіў Аляксей Сяржан, а не так даўно запісаў у гурток сына Косцю, які на абласных спаборніцтвах ужо заняў другое месца. І гэта не адзіны прыклад пераемнасці пакаленняў.  

Цяпер у Віктара 57 выхаванцаў ва ўзросце ад 7 да 16 гадоў.

Некаторыя лічаць, што бокс – зусім не гуманны від спорту. Самі ж баксёры прытрымліваюцца думкі, што гэта выдатны від спорту. Ён дысцыплінуе, выхоўвае ў хлопчыкаў мужчынскі характар, трываласць, адказнасць, фізічна загартоўвае. Не дарма кажуць, што бокс – гэта школа жыцця, ён вучыць не біць, а трымаць удар.

Прыкладна раз у месяць трэнер возіць сваіх выхаванцаў у Маладзечна, дзе смаргонцы сустракаюцца з мясцовымі юнымі баксёрамі. Летам Віктар працуе ў палатачных лагерах спартыўнага і турысцка-краязнаўчага кірунку.

- Наш Віктар Станіслававіч – энтузіяст сваёй справы, поўнасцю аддаецца дзецям, радуецца іх поспехам, - кажа дырэктар цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Таццяна Шпакоўская. - Да кожнага выхаванца ён умее знайсці падыход, дзеці яго вельмі любяць. І з бацькамі мае добрыя стасункі. Такая работа дае выдатныя вынікі.

IMG_3928.JPG

Віктар ТУХТО са сваім выхаванцам Назарам ПАГОДЗІНЫМ.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.

Статьи по теме: