Цудадзейная фігура Святога Міхала Арханёла наведала Смаргонь
У наш горад фігуру суправадзіў настаяцель парафіі святога Казіміра ў Стаўбцах ксёндз Ігар Лашук. Разам з ксяндзом Алегам Жураўскім ён узначаліў малітоўную працэсію з мікрараёна Усходняга ў касцёл святога Міхала Арханёла. Пад гукі ўрачыстай музыкі фігуру ўнеслі ў храм і ўсталявалі на пачэсным месцы ля алтара.
Цудадзейная выява Міхаіла Арханёла прывезена з гары Святога Анёла, што знаходзіцца ў горным масіве Гаргана (Італія).
Яна была асвечана менавіта ў гроце, дзе Князь войскаў нябесных аб’явіўся людзям. Там знаходзіцца адзіная ў свеце святыня, асвечаная не чалавекам, а самім нябесным заступнікам. Не адзін раз гэтым храме адбываліся ўсялякія цуды. Гаргана з’яўляецца вядомым і надзвычай папулярным паломніцкім месцам для святароў і свецкіх людзей. А сёння мы маем магчымасць прыйсці да цудадзейнай фігуры са сваімі просьбамі і падзякамі.
У Смаргоні фігура будзе “гасцяваць” да 13 жніўня, а потым адправіцца ў далейшае падарожжа, каб вернікі з усёй Беларусі маглі дакрануцца да святыні.
Віялета ВОЙТКА.
Фота аўтара.