У Смаргоні прайшла ўрачыстасць да Дня абаронцаў Айчыны
23 лютага пачынаецца шырокамаштабны праект “Памяць. Адзінства. Перамога”, які рэалізоўваецца ў рамках святкавання 75-годдзя перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. У 12 гадзін ва ўсіх храмах Гродзенскай вобласці адбудзецца гучанне званоў “Звон памяці”. У Смаргоні наваколле абудзяць званы Спаса-Прэабражэнскага храма і касцёла Святога Міхаіла Арханёла.
За ўзорнае выкананне службовых абавязкаў Ганна Джумкова ўручыла Ганаровую грамату і Падзячнае пісьмо райвыканкама двум работнікам райваенкамата.
На ўрачыстасці выступіў ваенны камісар Смаргонскага раёна Леанард Гружэўскі. Ён расказаў аб станаўленні і гартаванні арміі, потым уручыў новыя пагоны некалькім афіцэрам запасу, якім былі прысвоены чарговыя воінскія званні. Некалькі мужчын з рук ваенкома атрымалі юбілейны медаль “75 гадоў з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”.
Старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Касакоўскі Дзень абаронцаў Айчыны назваў усенародным святам, святам усіх тых, хто шануе гераічныя традыцыі народа і захоўвае памяць аб абаронцах Айчыны, якія загінулі падчас баявых дзеянняў.
З канцэртам выступілі дзіцячыя песенныя і танцавальныя калектывы, а таксама работнікі культуры, выкладчыкі музычнай школы і салісты духавога аркестра вайсковай часці 2044.
Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота Сяргея ЮРЭВІЧА.